epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

На вуліцы

— Гэй, інтэлігент, купі сабаку! Калі табе не трэба, то ёй купі! — чуецца надтрэснуты голас, і ад сцяны аддзяляецца цёмная постаць.

— Са-бач-ка! — аглядваецца дзяўчынка.

— Пайшлі, пайшлі! — прыспешвае хаду і цягне за сабой дзяўчынку мужчына з газетай.

— Сабакі! — сіпіць надтрэснуты голас.— Жывёлы.

Сабака паварочвае галаву і глядзіць на гаспадара. У вадасцёку, да якога мацуецца шворка, глуха грыміць і з шоргатам падае кавалак лёду. Сабака кідаецца ўбок. Шворка нацягваецца — чуецца хрып. З дахаў сыплюць капяжы.

— Што, волі захацеў? Месца! — злуе гаспадар.— Я — Крук. Мяне ўсе ведаюць. Я чалавек, а ты — сабака. Жывёла ты.

Крук змаўкае, садзіцца на цокаль будынка і пачынае шукаць наступнага, каму можна прапанаваць сабаку. У брудных худых пальцах дрыжыць недапалак папяросы. Круку робіцца нудна — прахожых няма, і ён торгае шворку. Сабака прыўстае і глядзіць на сагнутую постаць гаспадара.

— Нікому ты не патрэбны. Чаго падняўся, ляжаць! — Крук замахваецца. Галава сабакі ўціскаецца ў плечы.— А, страшна. Бо я гаспадар, а ты... Каго мне баяцца? Няма каго.

Непадалёк працуюць дворнікі. На шэрасці вуліцы яны вылучаюцца яркімі сігнальнымі камізэлькамі. Стары аднастайна падымае і апускае цяжкі лом. Тоўсты ўчарнелы лёд трэскаецца, пырскаюць бліскучыя аскепкі.

— Анічога сабака, нат да аўчаркі падобны,— звяртае ўвагу старога хлопец, што працуе побач. Ён на імгненне спыняецца, рыдлёўка з шырокім абсечаным лязом замірае ў паветры.— Сапраўды, сабака што трэба.— Хлопец падхоплівае брыль лёду і адкідвае на газон, пад чорныя камлі дрэў.

— Ану, пайшлі адсюль! — крычыць Крук на хлопчыкаў з каляровымі ранцамі, што спыняюцца каля сабакі.— Каму сказаў?

Дзеці спалохана адбягаюць і спяшаюцца па вуліцы. Сабака міргае. У вадасцёку чуецца шум. Вострыя вушы нашаторваюцца.

— Чаму б вам не набыць сабаку. Відаць, танна аддае,— звяртаецца малады да старога.

— Не люблю сабак,—стары прыпыняецца, выцірае лоб.— Ні аўчарак, ні паляўнічых не люблю...

— Што сталі, цюкайце,— хлопец глядзіць наперад, туды, дзе вузкая вулачка ўпіраецца ў праспект.

За імі застаецца чорны вільготны асфальт, на якім растаюць белыя аскепкі.

— Я сваё адцюкаў,— звяртаецца да маладога стары,— і ломам цюкаў, і кайлом, і сякерай цюкаў.— Стары гаворыць без злосці і абурэння.

— Тады навошта вам гэта праца? Вы ж на пенсіі,— у голасе хлопца непаразуменне.— Я чаму працую? Мне грошы патрэбны, надакучыла ад бацькоў залежаць.

— Не ад бацькоў, дык ад іншых будзеш залежаць. На гэтым і трымаецца свет.

— Ну, вы як настаўнік даводзіце.

— Цяпер не настаўнік, а вось вуліцу мяту. Смецце прыбіраю.

— А хто вас прымушае, вы ж ні ад кога не залежыце?

— Ніхто мяне не прымушае. Прывык працаваць. А незалежнасці няма,— стары прыпыняецца і аглядае вуліцу.

— Ну, гэта не! Калі маеш грошы — ёсць і незалежнасць. Адносная, канечне,— удакладняе хлопец і разам з раскрышаным лёдам падграбае рэшткі газет, леташняе лісце і рознае смецце. Падграбае і шпурляе на газон.

— Купі сабаку, дзед! Купі! Добры сабака,— заступае дарогу пенсіянеру з валізкаю Крук.

— Які я вам дзед? — абураецца пенсіянер.— Як вам не сорамна, мужчына? Сабаку прадаяце...— пенсіянер спыняецца з надзеяй выказацца, але Крук рэзка перапыняе яго:

— Ідзі, ідзі, тупай! Ходзяць розныя, не спытаць.

Пенсіянер пакрыўджана ківае галавой і, пазвоньваючы малочнымі бутэлькамі, паварочвае ў двор.

Дворнікі працягваюць працу. Яны паступова набліжаюцца да вадасцёку, з якога бяжыць струмень і прамывае ў тоўстым лёдзе равок. Сабака мружыць вочы і слухае шум вады.

Вуліца з чатырохпавярховых дамоў шэрая і непрыбраная. На атынкоўцы фасадаў рагі вільгаці. З дахаў сыплюць капяжы. Няўтульна.

З двара, дзе знік пенсіянер, выходзіць падлетак. Ён набліжаецца да сабакі і кідае яму цукерку. Шворка нацягваецца, да цукеркі застаецца крок. Падлетак падымае яе і з далоні дае сабаку.

— Не браць! Фу! Я каму кажу! — істэрычна крычыць Крук.— Фу! Месца!

Але сабака з’ядае цукерку і глядзіць на падлетка.

Крук хапаецца за шворку, цягне і б’е сабаку нагой. Сабака скуголіць і прыціскаецца да вадасцёку.

— Месца! А ты, шчанюк, пайшоў адсюль! Купі — тады кармі, а пакуль я гаспадар! Хачу кармлю, хачу заб’ю!

— Вар'ят! — кідае ў адказ падлетак і незалежна шыбуе прэч.

— Я! Я! Я гаспадар! Я Крук! Мяне ўсе ведаюць! Я...— ён нарэшце супакойваецца і спрабуе запаліць недапалак.— А цябе заб’ю, калі ніхто не купіць.

Дворнікі ў сваіх сігнальных камізэльках набліжаюцца да раўка, у якім струменіць мутная вада.

— Гаспадар горшы за сабаку. Такіх забіваць трэба,— у рытм рухаў кажа малады і моцна б’е ў лёд.

— Кожны мае гаспадара, якога ён варты,— стары глядзіць на недагледжанага сабаку і адкідвае цёмныя брылі лёду.

— Лепш быць бяздомным, чым за такім гаспадаром.

Стары не адказвае. У вадасцёку абрываецца і грукоча лёд. Сабака кідаецца ўбок, амаль пад ногі маладому.

— Месца! Сядзець! — сіпіць Крук.— Заб’ю, падла!

Сабака скуголіць і ціснецца да сцяны. Малады бярэ ў старога рыдлёўку і кароткім ударам перасякае шворку.

— Бяжы! Бяжы, сабака! Бяжы! — адначасова просіць і загадвае хлопец.

Нейкае імгненне сабака вагаецца, але потым бяжыць за рог дома.

— Ты што? Я цябе! — крычыць гаспадар, але да хлопца не набліжаецца.— Я Крук.

— Ану, валі адсюль! Крук! Ты што, не зразумеў? — ціха, амаль шэптам кажа хлопец. Ён на галаву вышэйшы за Крука і амаль удвая шырэйшы ў плячах.— Ідзі, і каб я цябе не бачыў.

Крук лаецца і, паслізгваючыся, сунецца ў бок праспекта.

— Ідзі, ідзі! — пераможна гучыць яму ўслед.

Малады бярэ ў старога лом і працуе. На твары задавальненне. Стары пачынае адставаць.

— Дарэмна ты гэта зрабіў,— стары спыняецца.— Нічога ты гэтым не зменіш...

— Змяніў. Што яму за шчасце жыць з такім вар’ятам? А цяпер яму воля.

— Воля. Толькі адчуеш яе, ірванешся да яе, а ашыйнік і перахопіць дыханне. Шворка нацягнецца — і ўся воля,— стары глядзіць у той бок, куды пабег сабака.

— Шворку я перасек,— упэўнена кажа хлопец.

— Воля. Адкуль яму ведаць волю, калі нарадзіўся на ланцугу. Яму воля за гаспадаром...— стары нагінаецца і адкідвае скрышаныя брылі пад дрэвы.

Вуліца асветлена сонцам. Асфальт, вызвалены ад скарынкі лёду, падсох, зрабіўся шэры.

Цывільна апрануты хлопец ідзе па тратуары.

— Гэй, інтэлігент, купі сабаку! — чуе знаёмы надтрэснуты голас.— Амаль задарма аддам.

Ля шэрай сцяны постаць Крука. Побач з ім навязаны да вадасцёку сабака. Хлопцу здаецца, што сабака вінавата міргае і ціснецца да сцяны. Крук не пазнае і безнадзейна прапануе: «Інтэлігент, купі сабаку!»