epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Нагода

Ішоў дождж. Аднастайны, халодны і шэры, як цынк. Мокрыя будынкі цямнелі, асфальт шкляніста імжыў пад нагамі каляровымі адбіткамі ліхтароў і хімічна-яркай рэкламай.

З-пад аркі, за якой была суцэльная цемра двара, выйшаў мужчына і зябка знізаў плячыма.

— Касцюкевіч, прывітанне! — без радасці і хвалявання звярнуўся мужчына да прахожага пад парасонам.— Што, сяброў не пазнаеш?

Высокі мужчына паспеў збочыць з асветленай вуліцы пад арку, але ад голаса, а хутчэй ад пачутага ўласнага прозвішча спыніўся, быццам перад нябачнай сцяной. Ён нахіліў галаву набок і агледзеў знаёмага.

— А... Буднік, прывітанне! — высокі склаў парасон.

— Ведаеш, Клім загнуўся?

— Клім? — высокі зрабіў крок назад.— Ты гэта сур’ёзна, Буднік?

Буднік стаяў пад сцяной і паціраў рукі. Брызентавая куртка, некалі модная, а цяпер заношаная і мокрая, цяжка вісела на вострых плячах. Вакол худой шыі быў павязаны чорны шалік. Старыя джынсы з абтрапанымі калашынамі і пабітыя размяклыя красоўкі рабілі яго постаць нязграбнай і недарэчнай пад грувастка-ўрачыстай ампірнай аркай.

— Ты гэта кінь, Буднік.

— Знайшлі ў сутарэнні ля труб. Там цёпла,— Буднік схаваў рукі ў кішэні.

У арку з асветленага праспекта зайшла жанчына ў празрыстым цыратавым плашчы. Скразняк расхінуў плашч, жанчына крутанулася спінаю да ветру, прытрымала бліскучае крысо, шалёста павярнулася і знікла ў вільготнай цемры двара.

Кроплі дажджу з бліскучай цыраты трапілі на твар высокаму, і ён уздрыгнуў ад нечаканасці холаду і ад незразумелага страху.

— Эх! — кіўнуў галавой Буднік у бок цемры.

— Даўно? — Касцюкевіч стаў пад сцяну, схаваўся ад скразняку.

— Мне што, я чысты. Табе трэба думаць,— у голасе Будніка з’явілася перавага.— А ты нішто, відаць, пры грашах, а?

— Забілі? — высокі прываліўся да сцяны, адчуваючы колкую фактуру тынкоўкі.

— А ты не ведаеш? Не? Я чаму прыйшоў — папярэдзіць хацеў.

— Досыць балбатаць! Кажы!

— А ты не крычы, не крычы, бо не ў кабінеце следчага. Я па справе.

— Давай, калі па справе,— Касцюкевіч пачаў злаваць.

— Сантэхнікі знайшлі. Зразумеў? Тут і пачалося: міліцыя, следчы, сведкі... У мяне ўсё чыста — я працую. Шпрыц знайшлі. Усёк? Забралі як уліку...

— І далей...— высокі спрабаваў схаваць хваляванне, але адчуў, як прастора аркі сціскаецца ў такт удараў сэрца.

— Пайшлі. Я змерз цябе чакаць. Шпрыц быў твой — фірмовы. Следчы паказваў яго мне і пытаўся, ці пазнаю,— Буднік паправіў каўнер курткі, зацягнуў тужэй пятлю шаліка.— Пайшлі, памянуць трэба сябра. Я сказаў следчаму, што першы раз бачу і гэтым не займаюся — рукі чыстыя. Ты ж ведаеш, сваіх здаваць апошняя справа.

— Пачакай.— Сцены аркі спыніліся, праход здаўся вузкім, сіняе застылае святло нерухомым.— Я, ведаеш, заняты,— няўпэўнена паспрабаваў схлусіць высокі.

— Не цісніся, пойдзем.

Касцюкевіч не крануўся з месца, ён спрабаваў асэнсаваць пачутае. Страх прыціснуў яго да сцяны.

— Ты што, завязаў? Кажы. Тады дай пару чырвонцаў.

— Ведаеш,— высокі спрабаваў успомніць імя Будніка,— я кінуў гэта ўсё.

У праёме аркі намаляваліся постаці міліцыянера і дружыннікаў. Яны спыніліся насупраць аркі ў спробе разгледзець тых, што стаялі пад сцяной. Міліцыянер пабліскваў кукардай, дружыннікі — агеньчыкамі цыгарэт.

— Пайшлі ў твой двор,— Буднік узяў пад локаць Касцюкевіча, скрануў яго з месца, і яны пайшлі ў двор.

У пад’ездзе было цёпла, але Касцюкевіч адчуваў, як яго калоціць, як далоні робяцца вільготнымі і халадзеюць.

— Слухай, а шпрыц адметны. Небяспечны прэзент. Сам ты жывы, а Клім...

— Змоўкні...— нечакана рэзка перапыніў Будніка Касцюкевіч.

— Я што, я маўчу. Буду маўчаць — толькі зараз трэба выпіць,— Буднік пачаў абмацваць і выварочваць кішэні спачатку джынсаў, потым курткі, потым залез запазуху.— Нулі. Нічога не маю, Косцік.

Высокі глядзеў у падлогу на цёмныя рагі вады і на свой няўклюдны цень.

— Ён казаў, што ты яго сябар. Казаў, што ты яго разумееш.

— Разумеў...

Яны ішлі пад дажджом. Маленькі Буднік спяшаўся і гаварыў на хаду. Прастуджаны голас даходзіў да Касцюкевіча як праз ваду. Высокі трымаў парасон над сабой і крочыў па калюгах. Буднік амаль бег паперадзе, раз-пораз азіраўся і гаварыў: «Я казаў — піць лепш. Піць гэта надзейна, гэта справа. Шпрыц для хворых і інтэлігентаў. Ты малайчына, што кінуў, але тут, сам разумееш, нагода — сябра трэба памянуць. Ён апошнім часам знік з горада. Казалі, ён лячыўся. А я ведаю, дзе ён быў...»

Касцюкевіч не слухаў, ён механічна перастаўляў ногі, ідучы па бліскучых калюгах. Ён успамінаў жанчыну ў цыратавым плашчы, холад зіхцення і вострыя кроплі, што ўпалі яму на твар...

— У яго была сяброўка. Яны разам кайфавалі. Дык яе пасадзілі, а ён знік — разумны быў. Казалі, яна яго навучыла, а я ведаю, што ён сам быў «спец». А ты яму прэзент, трэба было выкінуць.

— Што? — перапыніў Будніка Касцюкевіч.— Што я?

— Я разумею, ён і без тваёй дапамогі знайшоў бы. Я казаў, але я не аўтарытэт...

— Замаўчы,— папрасіў высокі.

— Здаровы быў. Два гады цягнуў. Не! Піць лепш. А ён у адказ: «...сам пі», а потым мы не гаварылі, я яго амаль не бачыў. Ён розную дрэнь даставаў і калоўся. А ты малайчына, паважаю. Я твой тэлефон забыўся, а двор памятаю, пад’езд нават ведаю. Спачатку думаў, мо ты з’ехаў, а потым сказалі — жывеш. Хутка прыйдзем.

Яны спыніліся ў цесным двары, загрувашчаным парожнімі скрынямі. У двары пахла мокрым дрэвам і цвіллю. Высокі дастаў грошы і даў Будніку.

— Ты свой. Старыя сябры не падвядуць,— ён паглядзеў на грошы.— Ты не хвалюйся, я хутка.

Высокі застаўся стаяць у незнаёмым двары ля дзвярэй, абабітых жалезам, асветленых слабой лямпачкай. На шэрым жалезе быў надпіс: «Выхад». Ён падняў галаву і паглядзеў угару. На твар сыпаліся кроплі, неба было завешана халоднай смугой.

Касцюкевіч прачнуўся на бруднай заплямленай канапе. Ён знаходзіўся між цяжкім забыццём і явай. У ранішнім святле, што напаўняла пакой, цьмяна гарэла лямпачка, ад якой па столі плылі каляровыя хвалі. Піць! Ён цяжка падняўся і ледзь не ўпаў. Гарачыня рэзка змянілася холадам. Некаторы час ён сядзеў і глядзеў у падлогу. Ля яго ног, на выцертым дыване, ляжаў Буднік. Рукі з худымі кашчавымі пальцамі ненатуральна заломліваліся за галавой. Твар быў нерухомы, і на ім колка паблісквала рудая шчэць. Мокрая куртка ляжала побач. На стале стаялі бутэлькі, адна ляжала ля ног. Касцюкевіч адчуў, што яго пачынае круціць ад выгляду парожніх шклянак і непрыбраных недапалкаў.

Ён асцярожна падняўся і, трымаючыся за сцяну з зашмальцаванымі шпалерамі, пасунуўся на кухню...

Касцюкевіч сядзеў на канапе і сціскаў далонямі скроні, перад вачамі плылі яркія плямы...

— Буднік! Буднік?! — Касцюкевіч нахіліўся і пачаў трэсці цела аднакласніка.

— Ты свой. Я маўчу,— Буднік адкрыў і закрыў вочы.— Ён сам... Ты ні пры чым...

Касцюкевіч падклаў пад галаву Будніку куртку і патушыў святло...

На вуліцы яму зрабілася лягчэй. Той учарашні страх знік, яго змяніла пачуццё шкадавання да самога сябе. Парасон матляўся на руцэ, чалавек ішоў, абыходзячы калюгі.

Касцюкевіч прыпыніўся ля таксі з уключанымі падфарнікамі. Дворнікі працавалі, і праз холад шкла ён убачыў жанчыну, твар якой змываў дождж. У таксі апусцілася бакавое шкло.

— Вам куды? — з цікаўнасцю паглядзела на Касцюкевіча жанчына.

— Што?.. Не ведаю.

— Сядайце,— машына кранулася і паехала.

* * *

Ранішні горад нагадваў той, ранейшы, па якім ён, Касцюкевіч, гуляў з Клімам. І восеньскі дождж быў тым жа, нязменным. Толькі кроплі барабанілі па цынкавых карнізах трывожна.