epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Пераўтварэнне

На лесвічнай пляцоўцы дванаццатага паверха, каля вялікага, ва ўсю сцяну акна стаялі дзве жанчыны. За шклом, да самага далягляду, доўжылася панарама горада. Цёмныя прамакутнікі паркаў, роўныя крэсы дарог, аснежаныя палі з раскіданымі па іх новабудоўлямі стваралі дакладны партрэт ускраіны вялікага горада. Па дарогах, да імжыстых мікрараёнаў на даляглядзе каляровымі кроплямі беглі аўтамабілі.

— Вунь там мой дом,— паказвала цыгарэтай натуральная бландзінка на далягляд, дзе скрозь шызую смугу праглядвалі геаметрычныя абрысы.

— Дзе? — перапытала яе сяброўка, згарнула лісты сцэнарыя і пачала ўглядацца ў бляклы зімовы краявід.

— За полем. Высокія карпусы бачыш? — бландзінка збівала доўгім пазногцем попел, які церушыўся цёмным снегам па краявідах за чыстым шклом.

— Далёка...— жанчына крыху памаўчала, ізноў разгарнула стос папер.— Сёння апошняя рэпетыцыя, а акцёр «не цягне». Рэжысёр не задаволены. Не ведаю, што з гэтага будзе...

— Табе добра, цябе сустрэнуць, ды і жывеш ты побач са студыяй, а мне амаль гадзіну ехаць,— бландзінка адвярнулася ад акна.— А што вы цікавае ставіце?

— Прыходзь заўтра ў павільён, паглядзіш. Псіхалагічны дэтэктыў. Жахі...— Яна паказала тытул сцэнарыя.

— А... Такога зараз у газетах хапае,— бландзінка адкінула доўгія валасы за спіну.

— Не веру я ва ўсе гэтыя чуткі пра маньякаў... Лепш я цябе з акцёрам пазнаёмлю, а то забіваеш галаву абы-чым.

— Я не супраць,— бландзінка расшпіліла сумачку і пачала падфарбоўваць вусны.— Але газеты яго прыкметы далі: высокі, у чорным штучным футры і лыжнай шапачцы, узрост — год дваццаць пяць,— яна кінула недапалак.

* * *

У вялікім павільёне, дзе ўжо стаяла частка пашарпаных дэкарацый, ішла апошняя рэпетыцыя тэлеп’есы.

— Ты павінен адчуваць героя. Павінен пераўтварыцца ў яго. Разумееш — пераўтварыцца, а я пакуль не веру ніводнаму твайму слову. Чаму вас вучаць? — рэжысёр цяжка падняўся з нізкага крэсла і прайшоў праз асветлены круг у цемру...— Ты і ён — адна асоба,— прагучаў яго голас з цемры.

Рэжысёр быў немалады, з маленькай, як прыклеенай, сівой расчасанай бародкай і доўгімі валасамі. Ён стаяў, абапіраючыся на тонкую кавеньку ў яркім святле пражэктара і глядзеў на разгублены твар акцёра:

— Зразумеў? Пачалі з першай рэплікі.

Рэжысёр сеў у крэсла, паправіў гальштук, працёр акуляры.

— Можна? — акцёр выйшаў на святло і падняў руку.

— Я ахвяра, яна следчы, ты злачынца. Пачынай! Пазнач рэпліку,— стомлена кінуў рэжысёр сваёй асістэнтцы...

У акцёра сеў голас. Рэжысёр пастукаў кавенькай па штучнаму бруку і выцер твар. Рэжысёр выглядаў пастарэлым і стомленым, ён камечыў бародку і слухаў шэпт акцёра. Акцёр прыціснуўся да дыкты, расфарбаванай пад чырвоную цэглу, і перагортваў пакамечаныя лісты сцэнарыя.

— Ты завучыў. Разумееш, завучыў. Гэта пакуль не тваё. У цябе засталася ноч і ранне — заўтра пачынаем запісваць п’есу. Трэба сабрацца,— рэжысёр выцягнуў з кішэні гадзіннік і, незадаволены, закрыў яго.

У цёмным павільёне, пад святлом адзінага пражэктара, стаяў акцёр і шэптам звяртаўся да пустых крэслаў рэжысёра і асістэнткі.

— Гэта памылка. Я не вінаваты...

* * *

Аўтобус хутка мінаў прыпынкі ля цёмных новабудоўляў. На прыпынках ніхто не сыходзіў і не заходзіў.

Мужчына глядзеў на маладую жанчыну з доўгімі светлымі валасамі. Жанчына сядзела ля першых дзвярэй і спінаю адчувала цяжкі позірк. Яна суцяшала сябе думкаю, што на яе прыпынку будуць людзі, і тым, што да дома не вельмі далёка, трэба толькі перайсці дарогу і прабегчы па сходах да пад’езда, дзе стаяў дванаццаціпавярховы дом.

Постаць мужчыны адлюстроўвалася ў ветравым шкле. Ён трымаўся за парэнчу і нешта шаптаў. Яна бачыла яго тонкія вусны. Вочы хаваў глыбокі цень ад шэрай кепкі. Жанчыне падалося, што яна бачыла і ведае гэты твар, толькі дзе і калі, яна не магла прыгадаць. Дом, дзе яна атрымала кватэру, засялілі нядаўна, і, магчыма, мужчына жыў у ім...

Аўтобус мінуў яшчэ прыпынак, і на наступным жанчына і мужчына выйшлі.

Жанчына паслізнулася і адразу заспяшалася па бетонных сходах да цёмнага дома.

Ля пад’езда яе дагнаў мужчына. Дзверы ліфта не паспелі зачыніцца. Жанчына прыціснулася да сцяны.

— Мне дванаццаты,— шэптам вымавіла яна.

Мужчына глядзеў ёй у твар.

— Я закрычу... Я вас ведаю! Вы акцёр, Вы. Я ўспомніла! Вы зусім не падобны да забойцы!

Яна памкнулася націснуць на кнопку. Ён вырашыў, што жанчына хоча выскачыць з кабіны, і схапіў яе за руку. Яна закрычала. Ліфт крануўся. Мужчына ў чорнай куртцы заціснуў ёй рот.

На дванаццатым паверсе дзверы ліфта адчыніліся. На падлозе тварам да сцяны ляжала жанчына. Мужчына нагой адкінуў у кабіну сумачку, з якой выпалі ключы і памада, і дзверы зачыніліся.

— Гэта памылка. Я не вінаваты...— фраза гучала натуральна і пераконвала.

* * *

У павільёне, ярка асветленым сафітамі, рабочыя ў сініх халатах разбіралі гатовую дэкарацыю. Яны выносілі штучныя сцены, падымалі і грузілі на тачкі штучную брукаванку і бардзюры. Яны сварыліся між сабой, але працавалі спрытна і хутка. Вялікае памяшканне зрабілася пустым. Святло патушылі і ў павільёне запанавала гулкая цемра.

Рэжысёр, моцна пастарэлы за два дні, сядзеў перад маладым чалавекам у шэрым акуратным гарнітуры, трымаў на каленях тонкую кавеньку і паціскаў плячыма.

— Хто мог ведаць? Разумееце, гэта яго прафесія, яго хлеб: ён павінен пераўтварацца, каб пераконваць. Ён пераблытаў мастацтва з жыццём. Вы разумееце?

Чалавек глядзеў на старога, нешта запісваў і праглядаў пакамечаныя і зачытаныя лісты сцэнарыя.

На лесвічнай пляцоўцы, ля вялікага, ва ўсю сцяну акна стаяла асістэнтка рэжысёра і два акцёры: мужчына ў шэрым акуратным гарнітуры, які павінен быў выконваць ролю следчага, і актрыса, якая перафарбавалася ў бландзінку, каб стасавацца да ролі ахвяры.

Яны палілі, глядзелі на панараму горада і маўчалі.