epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Разрэз будынка

— Атрымліваецца, я быў па-за гульнёй? — удакладняе той, што сядзіць у крэсле каля акна.

— Быў, але цяпер табе выпадае выдатная магчымасць,— спыняецца насупраць другі.— Больш такой магчымасці не будзе.

Між субяседнікамі розніца ва ўзросце і пасадах. Малады сочыць, як нервуецца старэйшы, як ён ходзіць ад сцяны да сцяны. Малады адчувае сябе спакойна. Кожная фраза старэйшага падмацоўваецца жэстам.

— Ты ведаеш сітуацыю? — старэйшы на імгненне спыняецца і ўзмахвае рукой.

— Усё я разумею,— малады разглядвае профіль старэйшага.— А на каго згуляць мне? — сам да сябе звяртаецца ён.

— А ты не разумееш? — старэйшы дайшоў да сцяны, на якой вісяць планшэты і калькі з выявамі аб’екта.

— А ён? — кідае малады.

— А што нам ён. Трэба думаць пра сябе. Яму месца знойдуць,— узмах і паварот.

— І што — данос? — словы спыняюць старэйшага на сярэдзіне пакоя.

— Чаму данос? Мы ж інтэлігентныя людзі... Трэба пісаць праўду,— ён адштурхоўваецца ад апошняга слова і зноў рухаецца.

— Данос не выключае праўду,— канстатуе маладзейшы.

— Згодны, не выключае. Толькі ты лепш напішы тлумачальную ад аўтара праекта. Напішы, што загадчык аддзела перашкаджае выконваць сацыяльны заказ і гэтак далей. Раю пісаць у вялікі будынак,— старэйшы амаль надыктоўвае.

— Атрымліваецца, усё залежыць ад майго літаратурнага таленту? — з націскам на слове «ўсё» пытае малады.

— Слухай, я пачынаў з гэтага пакоя. Цяпер у мяне кабінет. Здаецца, не высока, паверхам вышэй, а ішоў я да яго доўга. Ты можаш зрабіць гэта хутка,— фраза ўклалася ў дзве ходкі ад сцяны да сцяны.

— Калі так, то ўсё будзе добра,— малады ўстае з крэсла.

— Гэта справа. Не зацягвай. Я адчуваў, што мы паразумеемся. Заўжды цябе абараняў і падтрымліваў,— у голасе старэйшага палёгка.

— Я гэта ведаў,— малады адкрывае акно. За яго спінай зачыняюцца дзверы. Скразняк хістае калькі. Выявы будынка ажываюць.

* * *

— Калі не супраць, я да цябе буду на «ты», тым больш узрост мне дазваляе,— загадчык аддзела ўладкоўваецца ў глыбокае крэсла на бліскучым стрыжні.

— Калі ласка,— гаспадар пакоя садзіцца да стала.

— Даўно збіраюся пагаварыць з табой, але ўсё клопаты, мітусня, абавязкі службовыя, а трэба, мусіць, прасцей, па-чалавечы. Ты згодны? — загадчык прагаворвае кожнае слова.

— Я слухаю,— запэўнівае малады.

— Справа вось у чым,— загадчык аглядае пакой, спыняецца на планшэце з разрэзам будынка, позіркам праходзіць па калідорах і лесвічных маршах і спыняецца на прозвішчы аўтара ў правым ніжнім рагу планшэта.— Я лічу, што прыйшоў час заняць табе іншы кабінет,— загадчык вымаўляе словы няспешна, надае кожнаму вагу і мацуе іх, як цагліны ў сцяну.

Малады ў думках робіць разрэз будынка. Уяўная плоскасць рассякае паверхі: першы, дзе знаходзіцца яго пакой, і другі — з кабінетамі намесніка і загадчыка.

— Пасаду і кабінет майго намесніка. Паверхам вышэй.

— Мне? — здзіўленне атрымліваецца натуральным.— Але ж у вас ёсць намеснік...

— Так,— перапыняе загадчык.— Пакуль ён мяне задавальняў. Але цяпер іншы час і патрабаванні іншыя. Адбыліся некаторыя істотныя змены, там... Ён больш не можа тут працаваць,— загадчык тлумачыць, спрабуючы звязаць словы інтанацыяй.

— Даруйце, а што адбылося? — у голасе поўная недасведчанасць.

— У двух словах. На абмеркаванні твайго праекта ён пайшоў супраць нас. Разумееш?

— Не зусім.

— Я за твой праект. А ён павярнуў так, што нібыта я супраць, быццам, я рэтраград і, забыўся слова, нічога не разумею. Ён быў не адзін. Але не ўсё так блага — з намі большасць. Яны падтрымалі,— разгубленасць знікла. Загадчык пачаў злавацца.

— А чаму не запрасілі мяне! — абураецца малады.

— Гэта ён... Але не хвалюйся, трэба думаць наперад,— загадчык паварочваецца ў крэсле.— Ён мяркуе заняць маё месца. Спадзяецца, што ў яго хопіць на гэта моцы!

— Закруцілі,— канстатуе малады і ківае на крэсла пад загадчыкам.— Але пры чым тут я?

— Цяпер усё круціцца вакол твайго праекта. Мне, скажу шчыра, падабаецца,— крэсла сапраўды заклініла, і загадчык сядзіць патыліцай да маладога і гаворыць у сцяну.— Але ён усё нам сапсуе.

— Ён жа пакуль намеснік,— супакойвае малады.

— Каб закрыць твой праект, прычыны знайсці не цяжка. Калі ён будзе загадчыкам — знойдзе.

— Няўжо ўсё так сур’ёзна? — у голасе маладога недавер.

Загадчык паварочваецца разам з крэслам.

— Таму я і зайшоў. Лепшай кандыдатуры мне не знайсці. У іх да цябе прэтэнзій не будзе,— кароткае «іх» прагучала цяжка і шматзначна.

— А праект за мной? — як пра вырашанае, пытае малады.

— Што праект? — не разумее загадчык.— Якія праблемы. Хочаш займацца, калі ласка. Я падпішу загад, і вядзі далей,— спакайнее загадчык.

— І што я магу зрабіць?

— Ты напішы на маё імя пра тое, як ён замінае табе выконваць сацыяльна значны заказ.

— Данос.

— Як лёгка вы, маладыя, кідаецеся такімі словамі. Мы павінны быць інтэлігентамі. Мяне аж скаланула,— на твары загадчыка задавальненне.

— Тады тлумачальная,— удакладняе малады.

— Тлумачальная, тлумачальная. Толькі пісаць трэба праўду.

— Толькі праўду,— запэўнівае малады.— Калі мой лёс залежыць ад мяне, усё будзе зроблена.

— Я ведаў, што ты разумны. А што да ўзросту — на такіх цяпер арыентацыя.

— Безумоўна.

— Пішы і прынось. Чакаю,— у голасе ўпэўненасць.

Малады зачыняе акно. Загадчык выходзіць. Гаспадар пакоя вяртаецца да стала і глядзіць на нерухомыя выявы аб’екта.

* * *

— Дык цяпер ты не працуеш? — працягвае ён дыялог з госцем.— Беспрацоўны,— удакладняе без асаблівай цікавасці.

— Надакучыла праектаваць санвузлы і дэкаратыўныя краты ў вестыбюлях,— госць разглядае планшэты.

— Ты хацеў праектаваць гарады і палацы.

— Неабавязкова. Працаваць. Узяць аб’ект і зрабіць поўнасцю,— на імгненне госць адводзіць вочы ад пячатак на планшэтах.

— І што, не бяруць?

— Надакучыла ўсё. Два месяцы шукаю. Усе абяцаюць, абяцаюць.

— Прафесія. Самі выбіралі,— гаспадар пакоя дастае са стала некалькі аркушаў паперы.

— Ведаю, што да вас не ўбіцца, але, можа, параіш што.

— Падабаецца? — іх позіркі сустракаюцца.

— Падабаецца,— госць зноў паварочваецца да планшэтаў.

— Слухай, а ты змог бы давесці гэты праект.

— Жартуеш?

— Не! — гаспадар пакоя рэзка ўстае з-за стала,— я сур’ёзна.

— Наколькі я разумею цябе...

— Прабач, вас,— перапыняе ён госця.— Ты чакаў два месяцы, пачакай два тыдні і будзеш працаваць у гэтым пакоі за маім сталом.

— На тваім месцы? — у голасе недавер.— Ты звальняешся?

— Наадварот. Бяру цябе на працу.

— Я магу спадзявацца? Гэта дакладна?

— Гарантую. А цяпер бывай, мне трэба напісаць адну паперу. Бывай.