epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Самакат

Наш двор — між двух чатырохпавярховых дамоў. З аднаго боку, за агароджаю, якую бялілі вапнаю, быў стары парк, з другога стаялі гаражы, складзеныя з чырвонай цэглы. У двары расло з дзесятак вялікіх клёнаў, пад якімі мясціліся альтанка, пясочніца і некалькі лавак.

Я сядзеў пад клёнамі, з якіх павольна падалі вялікія, большыя за маю далонь лісты, і павелічальным шклом выпальваў на габляванай дошцы геаметрычны малюнак. Ля гаражоў дворнік зграбаў лістоту. Быў чуваць скрыгат жалезных грабель па асфальтаванай дарожцы.

Яркая кропка святла пакідала за сабой чорныя крэсы, якія складаліся ва ўзор. Ад дошкі, над якой я схіліўся, пахла смалой і дымам. Была зроблена палова малюнка, калі кропка згасла. Я падняў галаву. Перада мной стаяў Астах.

Мы вучыліся ў адным класе і жылі ў адным пад’ездзе, але не сябравалі. Са з’едлівай усмешкай ён глядзеў на малюнак і ціхенька насвістваў скрозь зубы. Кішэні яго портак і курткі, як звычайна, адтапырваліся. У нашым двары з ім ніхто не сябраваў, і мо таму ён быў на ўсіх злосны.

— Адыдзі, не засці сонца! — сказаў я.

— Самакат вырашыў зрабіць? — абыякава запытаў ён.

— Не твая справа.

— Значыць, самакат,— упэўнена абвясціў Астах і сеў на лаўку.

На кожную пару года ў нашым двары былі свае забавы. Зімой — канькі, лыжы, снежныя вежы, якія доўга будавалі і з задавальненнем разбуралі, гойсанне з гаражоў у сумёты. Калі сыходзіў снег і дворнік абразаў з клёнаў вецце, мы рабілі лукі і стрэлы, а калі ў парку падсыхала зямля і фарбавалі агароджу, гулялі ў «цюк» і «гузікі». Пасля надыходзіў час футбола і ровараў, а падчас летніх канікулаў мы пачыналі ладзіць самакаты. Грукат і ляскат падшыпнікаў напаўняў двор і парк. Мы насіліся на самаробных самакатах дацямна, выкрасалі з асфальту іскры і задаволена крычалі. Дарослым гэткая забава не падабалася. Я не памятаю, каб яны калі-небудзь дапамагалі нам рабіць самакаты, і таму нам даводзілася самім здабываць дошкі, падшыпнікі і спадзявацца толькі на ўласнае майстэрства.

— Пакажы шкельца,— сказаў Астах.

— У цябе свае два.

Ён зняў акуляры, падобныя да ровара, крысом курткі працёр лінзы і зноў надзеў на дзюбаваты нос.

— Пакажы, не будзь скнарай.

— На, толькі хутка,— сказаў я і падаў тоўстую, крыху падрапаную «павелічалку».

Ён пакруціў яе на далоні, пахукаў, працёр аб калашыну, прыладзіўся і пачаў выпальваць на лаўцы літару «А».

— Добра пячэ.

— Гэта самая лепшая ў двары.

— У нашым, можа, і самая, але я ведаю, у каго ёсць і мацнейшая.

— Ты не маеш і гэткай. Давай назад!

— Слухай, а мо махнём? Ты мне шкло, а я табе падшыпнік. У цябе ж няма? — ён зірнуў мне ў вочы і ўсміхнуўся.

— Дзякуй. Аддавай «павелічалку»!

— Пачакай,— ён не выпускаў шкло з рук.— Падшыпнікаў зараз не дастаць, а ў мяне ёсць адзін, навюткі! — з націскам на апошняе слова сказаў ён.

— А дзе я вазьму другі?

Астах задумаўся, потым сказаў:

— Выменяеш на што-небудзь.

Я нічога не адказаў. Ён, відаць, адчуў мае ваганні і дадаў:

— Можа, я змагу дастаць і другі, а цяпер давай махнём.

Мне вельмі хацелася мець самакат. Астах падаў руку, я паціснуў мяккую далонь, і маё павелічальнае шкло знікла ў адтапыранай кішэні курткі.

Праз некалькі мінут Астах выйшаў з пад’езда і па-змоўніцку падаў мне навюткі, загорнуты ў правошчаную паперу падшыпнік. Я пакруціў верхні вобад, агледзеў, ці няма дзе трэшчыны, акуратна загарнуў і абнадзеены, з няскончаным малюнкам на дошцы падняўся дадому.

Яшчэ колькі дзён прайшло ў пошуках другога падшыпніка, але адзіным маім здабыткам быў кавалак ізаляцыйнай абалонкі ад кабеля, якую я меўся разрэзаць і насадзіць на ручкі будучага самаката.

...Я сядзеў на лаўцы і сцізорыкам перарабляў малюнак на дошцы.

— Ну, як поспехі, знайшоў падшыпнік? — падышоўшы да мяне, зацікаўлена спытаў Астах і сеў побач.

— Няма ні ў кога.

— Няўжо? Я ведаю, хто мае адзін... Добры складанчык.

— Хто аддасць падшыпнік?..

— Аддаць не аддасць, а махнуць з ім можна,— ён гаварыў і паглядаў на сцізорык.— Гэта бацькаў? — як між іншым запытаў ён.

— Не, мой уласны, а што?

— Дай зірнуць.

— На, глядзі,— сказаў я і падаў яму сцізорык.

Некаторы час мы сядзелі моўчкі. Астах круціў мой сцізорык і спрабаваў прыладзіць да яго ланцужок, сплецены з меднага дроту. Я глядзеў на дворніка, які зносіў лістоту ў вялікую гурбу.

— Дык ты не хочаш зрабіць самакат?

— Ты ж абяцаў дастаць другі падшыпнік.

— Абяцаў. Давай складанчык, і праз паўгадзіны я прынясу падшыпнік.

— Праз паўгадзіны?

— Можа, нават хутчэй, бо ведаю, у каго ёсць.

— У каго? Пойдзем разам, і я з ім пагавару.

Астах адкрыў маленькае лязо. Перарэзаў дубчык. Некалькі разоў шчоўкнуў спружынаю.

— Я пайду адзін: ты толькі сапсуеш усё. Лепш пачакай, і праз паўгадзіны будзеш мець падшыпнік.

Астах падхапіўся, схаваў сцізорык у кішэнь і пабег у суседні двор. З’явіўся ён нечакана.

— Трымай,— крыкнуў ён і бразнуў на лаўку падшыпнік у правошчанай паперы.

— Новы! — здзіўлена сказаў я.

— Ледзь дамовіўся,— адказаў Астах.

Праз два дні пад вечар я выйшаў з пад’езда з навюткім самакатам. На ручкі была насунута сіняя абалонка кабелю. Дошка, на якую станавіцца, была абабіта рыфленай гумай. Перад самаката ўпрыгожваў выразаны і расфарбаваны геаметрычны малюнак, а таксама зіхатлівая металічная лічба «адзін».

Я разагнаўся і ад пад’езда паімчаўся да суседняга дома. Нават дворнік перастаў месці тратуар і праводзіў мяне незадаволеным позіркам. А самакат выйшаў выдатны. Колы круціліся лёгка, пыл і лістота ляцелі ў розныя бакі, руль паварочваўся як мае быць... Я ўяўляў, як буду ляцець на сваім самакаце пад гару па асфальтаванай сцяжыне ў парку.

— Дасі пакатацца? — спытаў Астах, калі я праязджаў ля альтанкі да парку.

— Сам яшчэ не наездзіўся,— адказаў я, прыпыніўшыся, каб перавесці дыханне.

— Валодзька! Валодзька! Хопіць грымець самакатам! Ідзі вячэраць! — паклікала з балкона маці.

Я падхапіў на плячо самакат і подбегам пачаў уздымацца на трэці паверх.

— Куды ты яго нясеш? Я толькі што падлогу памыла, пакінь на пляцоўцы,— сказала мама, калі я ўвайшоў у кватэру.

Мне нічога не заставалася, як пагадзіцца з ёю і хуценька павячэраць, каб зноў пайсці ў двор з новым самакатам.

Але калі я выйшаў з кватэры, самаката на пляцоўцы не было. Я збег у двор. Ля альтанкі гулялі дзве дзяўчынкі, ля гаражоў дворнік па-ранейшаму зносіў лістоту. Самаката не было і тут.

Я збегаў на гарышча нашага дома, потым навобмацак абышоў сутарэнні, агледзеў парк і суседнія двары.

— Вы не бачылі мой самакат? — звярнуўся я да дворніка.

Стары паставіў да сцяны граблі, аглядзеў мяне.

— Ішоў тут адзін у акулярах і з самакатам у бок парку, але гэта было з гадзіну таму,— сказаў ён і зноў узяўся за граблі.

«Астах, Астах!» — вымаўляў я і бег да парку.

Ля белай агароджы сядзелі дзве дзяўчынкі з букетамі кляновага лісця і гулялі ў «сакрэт». На маё пытанне, ці бачылі Астаха, яны пераглянуліся і разам сказалі: «Сакрэт».

Калі я вяртаўся ў двор, было цёмна. У вокнах нашага дома гарэла святло. Раптам я заўважыў Астаха. Ён шыбаваў ад гаражоў да пад’езда і раз-пораз азіраўся. Зрэдку бліскалі яго круглыя акуляры.

— Стой! Дзе мой самакат?

— Самакат? — здзіўлена спытаў ён.— Які самакат?

— Мой, той, што з зрабіў. Ты яго ўзяў, я ведаю, мне сказалі.

— А, самакат, што ты зрабіў з маіх падшыпнікаў... Не ведаю, я за ім не гляджу.

Нечакана Астах павярнуўся і кінуўся ў адчыненыя дзверы пад’езда. Я паспеў схапіць яго за куртку. Ён крутнуўся, і мы разам упалі на пляцоўку першага паверха, але імгненна падхапіліся...

— Пусці! Пусці!

Раптам пад маімі нагамі захрубасцела шкло.

— Акуляры. Мае акуляры,— захныкаў ён.— Акуляры...

— Астах! Астах! — пачуўся зверху жаночы голас.

Я заўважыў, што побач з растаптанымі акулярамі ляжаў мой сцізорык з медным ланцужком. Я падняў яго і выбег на двор, да гаражоў.

...Усю ноч мяне мучыў жахлівы сон. Быццам круглыя акуляры бясконца крышыліся пад маімі абцасамі і чуўся крык Астаха: «Я нічога не бачу!..»

Прачнуўся я з думкаю, што, можа, і не ён узяў самакат: не бачыў жа гэтага на свае вочы і пашкадаваў, што атрымалася бойка.

Я ўзяў сцізорык, які вырашыў вярнуць Астаху, і падняўся на чацвёрты паверх.

У парозе стаяў Астах. Я ніколі не бачыў яго без акуляраў. Блізарукія цёмныя вочы мружыліся і глядзелі на мяне спалохана і вінавата. Белыя вейкі хутка-хутка міргалі. Мне падалося, што ён не бачыць мяне.

— Вось твой сцізорык, прабач...— сказаў я.

— Я ведаю, дзе твой самакат,— азваўся Астах.

Я працягнуў яму сцізорык. Ён стаяў нерухома і глядзеў паўз мяне.

— Самакат схаваны ў гурбе лістоты ля гаражоў, пад ламаччам.

Мы пабеглі ў двор. За рогам, каля гаражоў, гарэла вогнішча. Побач стаяў дворнік і жалезнымі граблямі падварушваў яго.

— Там самакат! — закрычаў Астах і кінуўся да агню.

— Куды ты лезеш? Адыдзі! — злосна сказаў дворнік і торкнуў у полымя граблямі.

З-пад лістоты вылецеў сноп іскраў, агонь заняўся мацней і ахапіў ламачча, што ляжала зверху.

— Самакат? Я вось сабраў усё лісце, смецце і запаліў. Трэба, каб у двары было чыста і ўпарадкавана, а не абы-як. Зіма хутка, а вы пра самакат.

Мы павярнуліся і ціха пайшлі дадому.

— Пачакайце!

Мы спыніліся.

— Ведаеце, дзе мая кладоўка? Яна не зачыненая, там ваш самакат. А калі будзеце грымець да ночы ў двары, сапраўды спалю. Зразумелі?