epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Спёка

Я спадзяваўся на парк, але спёка панавала і там. Натужна трашчалі касілкі. Востра пахла бензінавым дымам, які цягнуўся сіняватымі шлейфамі за чырвонымі касілкамі і расплываўся над шчаціністымі траўнікамі. Я сядзеў на санцапёку, бо лаўкі ў засені алеі былі занятыя. Ля ног, на ходніку, уздымалі гарачы пыл млявыя шызыя галубы. Паралельна алеі была вуліца. Калі святлафор успыхваў чырвоным, вуліца напаўнялася машынамі. На свежапафарбаваныя тэлефонныя будкі і стракатыя кіёскі глядзець было балюча.

— У вас не будзе запалак? — побач села жанчына.

Я падаў запальнічку.

— Не працуе,— жанчына некалькі разоў бездапаможна шчоўкнула спружынай.— Дапамажыце,— вінавата і адначасова дапытліва яна зірнула на мяне.

Агеньчыка не было відаць.

Жанчына была апранута ў лёгкую стракатую спадніцу і белую паўпразрыстую кашулю. Я адвёў вочы ад ярка асветленай тканіны.

— Я спадзяюся на вашу дапамогу,— яна глыбока зацягнулася. Тонкі струменьчык дыму павольна ўздымаўся ад цыгарэты.— Вы мне дапаможаце?

Я назіраў, як яна ішла да мяне па алеі, у залацістым контрсвятле, якое дакладна абмалёўвала яе зграбнае цела. Мне падабаліся доўгія ногі і высокія абцасы, мне падабалася яе раскаванасць.

— Ведаеце, я не магу больш. Я зусім знервавалася. Ён мне здраджвае. У яго ёсць жанчына. У яго ёсць каханка. Я ўпэўненая ў гэтым! — яна гаварыла і ўвесь час пазірала халоднымі сінімі вачамі на літую чорна-алейную агароджу парку, на чараду машын, на тэлефонныя будкі.— Дапаможаце?

Было горача. Сухое нерухомае паветра напаўнялася трэскам блізкай касілкі.

— Пры чым тут я? Адкуль вы ўсё гэта ўзялі? — я разгубіўся.— У мяне тут прызначана сустрэча.

— Мне трэба пагаварыць з ёй. Зразумейце мяне. Я спадзяюся на вас,— яе просьба і голас поўнасцю не стасаваліся з яе ўпэўненым, нават экстравагантным выглядам.

— Нічога я не разумею.

— Вясной ён трапіў у аварыю. У машыне з ім была жанчына — гэта яна. Не пераконвайце мяне. Вы, відаць, падумалі, што я...— яна паспрабавала ўсміхнуцца.

— Я слухаю,— я глядзеў на яе ногі, на цёмна-вішнёвыя акуратныя пазногці.

— Я больш не магу так. Гэта немагчыма трываць. Прасачыце, куды ён пойдзе — мне неабходна пагаварыць з ёй,— яна кінула недапалак на скошаны траўнік.

Мне падалося, што ад гэтай цыгарэты можа загарэцца жнівеньскі парк. Да спаткання было яшчэ больш за гадзіну. Я не змог адмовіць.

— Чакаю вас тут,— яна хвалявалася, калі паказвала на мужчыну, які крочыў па другім баку вуліцы ля гарача-жоўтых тэлефонных будак.

* * *

...Спачатку я ішоў за ім на даволі значнай адлегласці. Больш за ўсё я баяўся яго згубіць ля прыпынкаў, дзе з аўтобусаў і тралейбусаў выходзілі людзі...

...Мужчына быў не надта прыкметны. Выглядаў гадоў на трыццаць пяць. Калі прыспешваў хаду, нахіляў каротка пастрыжаную галаву ўперад. Высокі, прыкладна майго росту ці крыху ніжэйшы. Нервовы — гэта было відаць па тым, як ён абганяў прахожых.

Калі ён спыняўся, я рабіў выгляд, што ў мяне разбэрсаліся красоўкі, ці пачынаў разглядаць замежныя стракатыя аўтобусы. Я ўвесь час прымушаў сябе трымацца далей і не парушаць адлегласці паміж намі.

...Спачатку было непрыемна сачыць за ім, а потым гэты занятак захапіў мяне. Мужчына спыняўся — мне давялося хавацца за купку турыстаў, што фатаграфаваліся на фоне праспекта. Шчоўкалі фотаапараты, і я, відаць, трапляў у кадр.

Мужчына стаў у чаргу па газіроўку, але шклянкі занятыя. Няўважлівы — шклянкі наверсе аўтамата.

— Вам шклянку? — цікава, які ў яго голас.

— Цёплая? — стомлена пацікавіўся ён.

Дарэмна я гэта зрабіў, ён мог здагадацца. Я суцешыў сябе думкаю, што нам проста па дарозе. Асфальт мяккі. На ім шмат слядоў, асабліва ад тонкіх жаночых абцасаў. Відаць, непрыемна на такіх абцасах па мяккім асфальце — знікае цокат...

Я задумаўся і згубіў мужчыну. Куды ён мог падзецца? Вочы шукалі знаёмае спалучэнне белай кашулі, шэрых портак і чорнага дыпламата...

Дыпламат стаяў ля сцяны. Мужчына тэлефанаваў з таксафона. Ён ківаў галавой, быццам той, з кім ён гаварыў, мог яго бачыць. Я быў змушаны прайсці побач і павярнуць за рог дома...

...Белая, як цукровая, балюстрада ўздоўж праспекта з пукатымі вазамі нагадвала перфарацыю фотастужкі. На ёй быў адзіны герой — мужчына ў белай кашулі, усё астатняе праходзіла фонам. Не заўважыць мяне на гэтым, даволі нешматлюдным месцы праспекта было немагчыма.

Мужчына пачаў азірацца. Яго хада то запавольвалася, і здавалася, што ён спыніцца, то ізноў ён пачынаў спяшацца. Ён азірнуўся, мне няма куды збочыць. Вада пад мостам калюча зіхацела.

На мосце ў мяне з’явілася думка падысці да яго і ўсё растлумачыць. Ён мне падабаўся, і я нават спачуваў яму. Потым падумалася, што можна развярнуцца і пайсці ад яго — і хай яны самі разбіраюцца ў сваіх адносінах.

Але я ішоў, крок у крок, за ім.

У падземным пераходзе было прахалодна. Скразняк ганяў пыл і пах бітума.

— Стойце! Што вам ад мяне патрэбна? — яго рука сціснула мой локаць. Мужчына заступіў мне дарогу.

Я не вырываўся.

— Нічога. Што здарылася? — я адчуваў недарэчнасць свайго пытання.

Ён адпусціў маю руку.

— Хачу пагаварыць з вамі,— я сапраўды спачуваў яму.

У мужчыны на твары была разгубленасць і спалоханасць.

— Дзеля гэтага абавязкова сачыць за мной? — ён злаваўся.

— Я хацеў падысці раней. Ведаеце, так атрымалася.

— Я вас не ведаю. Хто вы такі? — даволі рэзка перапыніў ён.

— Вы ўсё зразумееце. Я...

— Так! Так! — ён паставіў свой чорны дыпламат да сцяны.

— Мяне папрасіла прасачыць за вамі ваша жонка. Яна хоча ведаць адрас.

Мае словы яго не здзівілі. Ён паспакайнеў.

— Я так і ведаў,— ён пахітаў галавой.

— Не хвалюйцеся...

— Я не хвалююся. Хто яна вам? Каханка? — яго тонкія вусны з’едліва скрывіліся, і ён агледзеў мяне.

— Ніхто... Гэта спёка, разумееце, спёка. Я сустрэў яе ў парку, насупраць вашай установы, і яна папрасіла мяне... Паверце, мяне не цікавяць вашы адносіны.

Некаторы час мы маўчалі і глядзелі адзін на аднаго. Ён вышэйшы за мяне, калі мы побач — гэта было відавочным.

— Навошта?.. Навошта ёй гэта ведаць?

— Яна вельмі прасіла.

— Я не жыву з ёй год. Яна тэлефануе на працу, сочыць за мной. Я стаміўся ад гэтага. Стаміўся.

— Яна хоча перагаварыць з вашай жанчынай.

— Дайшла. Просіць людзей сачыць за мной. Ёй цяжка адмовіць, я разумею... Гэтага ніколі не будзе. Перадайце ёй — ніколі! — мужчына ўзяў дыпламат.

— Што ёй сказаць?

Мужчына паглядзеў на гадзіннік.

— Можа, я магу вам дапамагчы?

— Я сам вінаваты...

Мы стаялі ля прахалоднай мармуровай сцяны. Маўчанне рабілася невыносным.

— Я не магу вярнуцца да яе. У мяне жанчына, і ў нас хутка будзе дзіця. Мы памянялі кватэру.

— Мне не трэба адрас. Я скажу, што згубіў вас. Вы селі ў таксі, і я згубіў вас.

— Што гэта зменіць? — у голасе бездапаможнасць і разгубленасць.— Мне нічога не аставалася зрабіць... Яна сачыла за кожным маім крокам. Жыццё ператварылася ў пакуту. Яе падазронасць не ведала межаў. Гэта немагчыма зразумець... Кожны дзень падазронасць.

— Даруйце, я не ведаў.

— Нічога. Бывайце... Я пайду.

Я застаўся ля мармуровай сцяны. Знаёмая постаць аддалялася. Па звычцы я працягваў сачыць за белай кашуляй, пакуль мужчына не збочыў да метро. Мая прыгода скончылася.

* * *

Да спаткання было чвэрць гадзіны. Пад зямлёй я перайшоў плошчу і выйшаў на гарачы праспект. Я няспешна набліжаўся да парку і думаў пра тое, што гэтыя дзве жанчыны вельмі падобныя.

Перфарацыя балюстрады. Пыльная лістота парку. Настрой быў сапсаваны. Горад успрымаўся фундаментальна.

Я быў упэўнены, што яна прыйшла на спатканне і чакае мяне. Хто яна мне? Спім. Яна кажа, што кахае. Я маўчу. Нашы адносіны простыя. Здаецца, пакуль ніхто ні за кім не сочыць. З такімі думкамі я збочыў у парк.

Трава, якую скасілі гадзіну таму, сухая. Я пайшоў цэнтральнай алеяй.

Яна заўважыла мяне першая.

— Прывітанне! — адначасна сказалі мы.

— Даўно чакаеш?

— Даўно.

Я глядзеў праз парк у бок вуліцы.

— Там была аварыя. Жанчына трапіла пад машыну. Спяшалася ад тэлефона ў парк.

— Ты яе бачыла?

— Не, я не падыходзіла. Казалі, маладая.

— Даўно?

— З паўгадзіны. А чаму ў цябе такі голас? — яна ўважліва паглядзела мне ў вочы.

— Спёка,— адказаў я і шчоўкнуў запальнічкай.