epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Вонкавае святло

У памяшканні цырульні два крэслы. У адным сядзіць дзяўчына год дваццаці пяці ў халаце са штучнага шоўку і фарбуе бэзавым лакам доўгія пазногці. Перад ёй ляжыць замежны каталог з каляровымі глянцавымі старонкамі. Яна паварочваецца да мяне, папраўляе далонню халат і паказвае на вольнае крэсла.

— Праходзьце і сядайце,— запрашае яна нізкім грудным голасам. У яе бэзавая, знарок пабэрсаная хімічная прычоска, чорныя бровы і вялікія прыпухлыя вусны колеру пераспелай слівы.

— Вам зрабіць прычоску? — яна закідвае нагу на нагу і вострым наском невысокага чаравіка зачыняе дзверцы шкапчыка.

Я ківаю галавой і адкідваю з вачэй доўгія валасы.

— Вы хочаце, каб я зрабіла вам прычоску? — яна, ацэньваючы, аглядае мяне.— То вам прыйдзецца крыху пачакаць.

— Мне ўсё адно,— кажу я і абводжу позіркам памяшканне салона.

Яна кідае на мяне кароткі позірк і рэзка адварочваецца.

— Тэрэза! Тэрэзачка! Замяні, калі ласка, а то мне няма як.

У невялікім памяшканні салона, запоўненага роўным белым святлом, блытаюцца і хістаюцца скразняком тонкі пах парфумы, тупы пах клею і алейнай фарбы.

Адхіляецца штора, і з суседняга памяшкання выходзіць высокая мажная жанчына год на сорак. На ёй белы шаўковы халат, з кішэні якога тырчаць нажніцы і металічны грабеньчык з доўгім дзяржаннем, праз руку перакінута прасціна, складзеная ў некалькі столак. Жанчына нягучна ступае на тонкіх нізкіх абцасах да мяне. У яе ярка-карычневыя, перафарбаваныя валасы і маленькія падведзеныя вочы няпэўнага колеру. Яна трымае сябе вельмі ўпэўнена, адчуваючы сваю значнасць у гэтым невялікім салоне.

— Распранайцеся,— кажа яна і паказвае ў кут, дзе стаіць вешалка.

Распранаюся і чапляю сваю куртку побач са скураным паліто і ружовай курткай з вялікімі кішэнямі і бліскучымі кнопкамі.

— Сядайце.

Папраўляю валасы і саджуся ў вольнае крэсла. Перада мной вялікае авальнае люстра ў раме, абцягнутай скуразаменнікам у тон светлых сцен, пафарбаваных пад ружовы мармур. Паўкруглая парцалянавая ракавіна з бліскучым кранам. На два бакі ад ракавіны на невысокіх шкапчыках паблісквае інструмент і разнастайны шкляны посуд з яркімі налепкамі, у большасці замежнымі.

У люстры адбіваецца мая постаць і процілеглае крэсла, перад якім вісіць такое ж люстра. Над адным шкапчыкам прымацаваныя каляровыя здымкі мужчынскіх прычосак. На ўсіх здымках абыякава ветлівыя твары і робленыя рэкламныя ўсмешкі. Ва ўсіх гальштукі і чорныя бліскучыя валасы, у некаторых акуратныя бароды. Над другім шкапчыкам вісіць прэйскурант. Я чытаю слова «прэйскурант», адбітае ў процілеглым люстры, потым у тым, што перада мной.

— Малады чалавек, галаву будзем мыць? — да мяне наблізілася адлюстраванне дагледжанай цырульніцы з перакінутай праз руку прасціной. Яна паглядзела на медальён гадзінніка, потым на маё адлюстраванне.

— Можна,— адказваю ў люстра.

— Можна ці будзем?

— Будзем.

— Вы ў нашым салоне ўпершыню? Я не памыляюся? Зараз да нас мала хто заходзіць. Яшчэ толькі два тыдні, як мы пасля рамонту. Бачыце, які зараз інтэр’ер,— у голасе цырульніцы задаволенасць.

— Адчуваю.

Яна з шумам распраўляе перакрухмаленую прасціну і агортвае яе вакол маёй шыі. Галава пачынае існаваць асобна ад цела, схаванага ў белы каляны корпус. З цікаўнасцю ўзіраюся ў свой твар. Думаю аб тым, што я сябе добра ведаю, і аб тым, што цяпер я непадобны да самога сябе.

Цырульніца пускае ваду, потым пераключае, і з металічнага распырсквальніка шуміць дожджык. Схіляюся да ракавіны і заплюшчваю вочы. Цёплыя струмені падаюць на патыліцу і бягуць па твары. Вада трапляе на шыю, я ўздрыгваю.

— Не круціце галавой,— разам з шумам вады чую голас. Цырульніца кладзе распырсквальнік у ракавіну і хуткімі спрактыкаванымі рухамі намыльвае валасы. Праз шум вады чую голас. Адкрываю рот, каб перапытаць. Мыльная вада трапляе на язык. Выплёўваю ў віруючы струмень. Разам з шумам вады даносяцца галасы, якія закручваюцца і прападаюць у адтуліне ракавіны. Вада спыняецца, і галаву абгортвае сурвэтка.

Адкрываю вочы. Разбэрсаныя валасы тырчаць у розныя бакі. Мой адбітак запырсканы мутнымі кроплямі. Цырульніца няспешна працірае люстра вільготнай сурвэткай. Потым абмывае ружовую ракавіну і рукі. Я разглядаю фотаздымкі.

— Аля, а што ён доўга не наведваецца?

Яны працягваюць размову, пачатак якой я не чуў за шумам вады.

— Я дамовілася.

— На сёння?

— На вечар.

— А фарбавацца пачала да абеду. Дык ён зможа дапамагчы? — Тэрэза паварочваецца і глядзіць на Алю.

— Я сказала, што ты вельмі прасіла.

— Пры чым тут я? Ты што, не ведаеш, як робяцца такія справы. Магла не казаць, што гэта для мяне.

— Якая розніца, калі зможа, то дастане.

— Табе ніякай розніцы, а я буду павінна.— Тэрэза акуратна расклала інструмент, прыбрала сурвэтку, выцягнула з нагруднай кішэні грабеньчык і пачала прычэсваць мне валасы.

— Тэрэза, а ты ведаеш, у яго жонка і дзіця? — гучыць грудны голас за маёй спінай.

— Адкуль?

— А добры лак, зірні,— над крэслам з’яўляюцца рукі з доўгімі бэзавымі пазногцямі.

— Няблага. Ён прынёс?

— У гэтым нешта ёсць.

— А ты пайшла б за яго?

— Не трэба рабіць з гэтага праблему. Замуж я паспею.

— Паспееш... Ён, відаць, не прапануе? Усе яны аднолькавыя...

Аля не адказвае.

У люстры я сустракаюся позіркам з Тэрэзай.

— Як будзем стрыгчыся? — грабеньчык трапляе ў нагрудную кішэню.

— Акуратна.

— Шмат здымаць?

— Не вельмі.

— Разумею, што вы хочаце.

У руцэ з’яўляюцца нажніцы. Яны некалькі разоў ляскаюць у паветры, і валасы, падхопленыя грабеньчыкам, пачынаюць церушыцца на твар. Я закрываю вочы.

— Тэрэза, ты яшчэ працуеш там?

— Працую. А што зробіш — дачка...

— І колькі атрымліваеш?

— Мала. Паўстаўкі.

— Мне б куды ўладкавацца.

— Не круціся, а выходзь замуж за афіцэра ці...

— Адзін раз ужо выйшла за інжынера.

— І не кажы...

— Тэрэза! Відаць, непрыемна там працаваць? — нізкім голасам пытае Аля.

— Прыемнага мала.

— Я не змагла б.

— Чаму? Розніцы ніякай, і кліенты ніколі не крыўдуюць.

Адчуваю салодкі пах парфумы, рукаў халата казыча твар. Непрыемна.

— Там, відаць, трапляюцца і не зусім хворыя?

— Розныя.

— Можа, апошні раз. Заляцаюцца...— Аля смяецца нізкім грудным смехам.

Адкрываю на імгненне вочы. У люстры хістаецца бэзавы чуб. Аля ўстае з крэсла і, трымаючы рукі перад сабой, падыходзіць да маёй цырульніцы і кажа нешта на вуха.

— Табе жарцікі. Нафарбавалася і пабегла,— Тэрэза смяецца прыглушаным смехам.

Аля паварочваецца і ідзе ў другое памяшканне: «Так, я пастаўлю каву, хутка абед...»

— У вас прыгожыя валасы, толькі злёгку непаслухмяныя. Зверху здымем крыху.

Нажніцы клацаюць. Зноў закрываю вочы.

— Вы, відаць, шмат пакінулі?

— Што вы. Я раблю сучасную прычоску. Будзеце модным маладым чалавекам. Зноў прыйдзеце да мяне. Усе дзяўчаты...

— Не трэба,— перапыняю цырульніцу.— Мне не падабаюцца модныя прычоскі.

— Не круціце галавой. Я жанчына і ведаю, што вам патрэбна.

Яна прапускае мае словы, быццам недачула. Нажніцы і грабёнка раўняюць валасы. Тэрэза абыходзіць вакол мяне. Яе вочы напалову прыкрыты падмаляванымі павекамі. Яна з розных бакоў аглядае маю галаву. У яе на твары прафесійная задаволенасць.

Нажніцы ўсунуты ў кішэню. Цырульніца старанна прычэсвае мае вільготныя валасы. Мой твар зрабіўся асіметрычным.

— Ведаеце, што я вам скажу. У мяне самой дачка, і таму я разумею, што ім даспадобы. Музыка, адзенне, прычоскі — разумееце, пра што я кажу?

Побач з маім адлюстраваннем фотаздымкі. Мая прычоска падобная да прычосак гэтых «бутафораў».

— Ну вось, выдатна пастрыглі,— нажніцы высока падразаюць скроні.

За шторай гучыць тэлефонны званок. Тэрэза глядзіць на свой залаты медальён-гадзіннік.

— Прыгожа і сучасна. Вам падабаецца? — пытанне атрымліваецца сцвярджальным.— Нават лепш, чым я спадзявалася.

Уключаецца фен. Цырульніца шчоткай падкручвае і ўкладвае валасы.

Адпаведнасць з фотаздымкамі поўная. Толькі валасы ў мяне не такія чорныя, а так — «рэкламны бутафор». Цырульніца бярэ квадратнае люстэрка і дэманструе мне патыліцу і скроні. Кладзе люстэрка і пэндзлем пачынае абмахваць шыю і твар.

— Хоць на спатканне. Задаволены? Хвілінку...

Тэрэза падхоплівае брытву, спрытна шморгае па рэмені і папраўляе адну, потым другую скронь.

— А зараз адэкалон, і ўсё.

У руках цырульніцы з’яўляецца прыгожая бутэлька з залатымі лацінскімі літарамі.

— Пачакайце.

— Слухаю вас.

«Позна ты сабралася мяне слухаць»,— думаю я і гляджу на сваё адлюстраванне.

— Мне здаецца, што трэба яшчэ зняць.

— Не зразумела, што зняць?

— Па ўсёй галаве. Зрабіць валасы карацейшымі.

— Навошта?

— Мне так хочацца. Я казаў, што мне не падабаюцца модныя прычоскі. Я хачу, каб усе валасы былі аднолькавай даўжыні. Разумееце — аднолькавай. Без «новых хваль».

— Я зрабіла...— у голасе разгубленасць.

— Я згодны. Зрабіць валасы як былі, немагчыма, а карацейшымі можна.

Маўчанне. Некалькі імгненняў цырульніца вагаецца. Памалу нажніцы робяць валасы карацейшымі.

— Тэрэзачка! — парушае напружаную цішыню грудны голас з-за шторы.— Ён пазваніў, што хутка будзе.

Я не гляджу на сваю прычоску. Я разглядаю адбіткі шклянога посуду ў вялікім авальным люстры. Павольна падымаю вочы: белая, засмечаная прасціна ў ломкіх складках, шыя, цяжкаваты падбародак, сціснутыя вусны, цёмныя цвёрдыя вочы, зведзеныя да пераносся бровы, прычоскі як не было.

— Тэрэза! Ён прынясе касеты для тваёй дачкі і ўсё астатняе. Ён хоча з ёй пазнаёміцца. Гэта я жартую. Разлічвацца будзеш сама.

— Прабачце, але гэта не тое. Давайце здымем усе валасы поўнасцю.

— Тэрэза! Ён яшчэ пытаў пра тваё здароўе. Ты што, заснула ці закахалася ў маладога чалавека? — прыглушаны смех.

— Вы што, здзекуецеся? — дрыготкім голасам кажа Тэрэза.— Я зрабіла вам прычоску, потым другую. Я не разумею, што вам патрэбна.

— Яны мне не да твару. Давайце здымем поўнасцю.

— Тэрэза, ён хутка прыйдзе, а ўвечары мы едзем на дачу — нарэшце прапанаваў. Я, зразумела, спачатку зрабіла выгляд... Тэрэза!

Між штораў з’яўляецца постаць Алі з нафарбаваным тварам.

Машынка пакідае белую палосу на тым месцы, дзе быў прабор.

— Што ты робіш, Тэрэза?!

— Не ведаю...

Адна палоса, другая. Праз мінуту мая галава робіцца светлай. Адразу заўважаюцца загар на твары і вушы, раней схаваныя валасамі.

— Такія валасы...

— Валасы адрастуць, я не хвалююся.

Тэрэза дакранаецца да свайго лба.

— Усё, малады чалавек.

Я маўкліва паглядаю на сваё аблічча. Цяпер я зусім непадобны да «рэкламных бутафораў». У тых, на здымках, чорныя густыя валасы.

— Вы забыліся? — кажу я і паварочваюся да цырульніцы.— Адэкалон.

Тэрэза пакорліва бярэ бутэльку. Я заплюшчваю вочы і ў адэкалонным тумане чакаю, пакуль яна перастане націскаць на залаты распырсквальнік.

— Колькі з мяне за прычоску?

Каля прэйскуранта здзіўленая стаіць Аля.

Апранаюся і, яшчэ раз зірнуўшы ў вялікае авальнае люстра, аздобленае скуразаменнікам у тон маляванага мармуру сцен, выходжу з салона. На ганку сутыкаюся з мужчынам няпэўнага ўзросту, з моднай прычоскай і ў цёмных акулярах. У яго руках вялікая балоневая сумка. Ён падымае на мяне галаву і саступае дарогу.