epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Зялёны мур

Раз! І пудовая скрыня вайсковага колеру на плячы. Два! Паварот і дваццаць крокаў праз усё цокальнае памяшканне да супрацьлеглай сцяны. Тры! Скрыня з трафарэтным нумарам кладзецца на шэраг такіх жа скрынь, як цагліна ў мур.

Салдат паварочваецца і няспешна, каб паспець крыху адпачыць, крочыць паўз складскія стэлажы і паліцы, паўз стол, за якім сядзіць прапаршчык. Салдат паспявае разгледзець вастраносы профіль з рэдкімі растапыранымі вусікамі, маленькія цёмныя жалудовыя вочкі, патыліцу з акуратнай паскай — адмецінай ад фуражкі і спіну ў адпрасаваным кіцелі.

Прапаршчык па-дзіцячы высалапіў кончык языка і старанна пераносіць нумары са школьнага пакамечанага сшытка ў тоўстую канцылярскую кнігу. Ён мачае вучнёўскую ручку ў бутэлечку з тушшу і выводзіць некалькі лічбаў і літар. Пасля колькі часу ацэньвае, ці роўна і прыгожа атрымалася, і пачынае чысціць пёрка, на якім паспявае засохнуць туш. Уздыхае, перасоўвае па аркушы сшытка пластыкавую лінейку і занатоўвае дробненькім почыркам наступны нумар. Салдат цягае скрыні...

— Трэба паспець да «трубы», засталося дзве гадзіны,— прапаршчык адсоўвае кнігу на сярэдзіну вялікага стала, пацягваецца, размінае тоўстыя пальцы, паварочваецца і прасочвае шлях салдата ад сцяны да сцяны.

— Цішэй кладзі, не цэглу цягаеш, а матэрыяльныя каштоўнасці, за якія я нясу поўную матэрыяльную адказнасць.

Прапаршчык уключае вентылятар і вызваляе шыю ад зялёнага гальштука.

— Так, таварыш прапаршчык, поўную адказнасць за каштоўнасці... Цікава, а што ў гэтых скрынях? Відаць, жалеза, бо вельмі цяжкія,— кажа салдат і выцірае рукавом лоб.

— Вам гэта ведаць неабавязкова,— з пэўнай перавагай у голасе кажа прапаршчык.— Скрыні нумарныя, вайсковыя — колькасцю... Трэба будзе пералічыць, а то крый бог!

Прапаршчык і салдат глядзяць на акуратны мур зялёных скрынь.

— А каб не адказнасць і дысцыпліна?.. Усё развалілася б... Толькі ў войску і ёсць яшчэ нейкі парадак, ці не так?

Салдат стомлена разглядае пыльныя вокны, забраныя сеткай-«рабітцай», і пытанне застаецца без адказу. Там, за шэрым шклом, пляц. Там аднастайна падымаюцца і апускаюцца сотні наваксаваных ботаў, чуюцца каманды, гучыць песня, грукоча барабан.

Шыхт на імгненне застывае, і здаецца, што салдаты скамянелі. Толькі барабан працягвае грукатаць дробна і надакучліва.

Акно нагадвае вялізны фотаздымак з буйным растрам. Фотаздымак з газеты: шэры, няякасны, але праз гэта выразны сваёй дакументальнасцю. Батальён паварочваецца — новы здымак, яшчэ паварот — здымак. Дзесяць крокаў наперад — фотаздымак, на якім можна разгледзець твары — такія ў газетах не друкуюць. Загад — і батальён знікае. Застаецца шэрая архітэктура з яркімі плямамі плакатаў, на якіх салдаты ў летняй вопратцы з трафарэтна-вясёлымі тварамі выконваюць практыкаванні, застаецца снег, які павольна падае на раскрэслены бетон.

Салдат разумее, што ў акно можна і не дзівіцца, бо ўсё, што адбываецца на вуліцы, лёгка ўявіць па гуках, якія трапляюць праз тоўстыя шкліны ў склад. Ён разумее, што праца на складзе не горшы варыянт на сённяшні дзень. Там — на пляцы: холад і снег, барабан і загады, тая ж надакучлівая, механічная праца. Салдату горача, ён расшпільвае пагнутыя гузікі бруднай «падменкі», выцірае далоні, хукае на іх і бярэ наступную скрыню. Адчувальна пачынаюць балець плечы і ногі.

На пляцы гучыць труба. Салдат ведае, што там з’явіўся аркестр: зіхціць начышчаная медзь інструментаў, музыкі пастукваюць пачырванелымі пальцамі па клапанах, хаваюць рукі ў кішэні, ціха клянуць надвор’е, хаваюцца ад ветру адзін за аднаго і сочаць за дырыжорам, які выструніўся перад аркестрам...

Брыгада ўжо з тыдзень рыхтуецца да праверкі. Усё фарбуецца, чысціцца, хаваецца, прыбіраецца, падшываецца і прасуецца.

У памяшканні склада сохнуць тры сцяны, пафарбаваныя ў арэхавы колер. Чацвёртую належыць пафарбаваць сёння пасля абеду. Салдат пераносіць скрыні, якія стаяць усутыч да сцяны і закрываюць яе да столі.

— Міша! Міша! Міша! — кліча прапаршчык і шкрабе пазногцем рабрысты зялёны радыятар.— Ну, дзе ж ты, маленькі, падзеўся? Міша! Міша! Хадзі сюды.

Прапаршчык некалькі мінут шкрабе радыятар, але потым паварочваецца, узмахам рукі загадвае салдату спыніцца і прыкладае да вуснаў палец:

— Тссс!.. Міша, Міша! Хадзі да свайго начальніка.

Салдат стаіць са скрыняй на плячы. Востры кант нясцерпна муляе плячо, салдат не вытрымлівае і паціху рушыць да арэхавай сцяны, амаль цалкам закрытай цаглінамі скрынь.

— Відаць, чужога пачуў — вось і баіцца. Разумнае стварэнне,— ласкава кажа прапаршчык і сочыць за адтулінаю ў сцяне, дзе хаваецца труба радыятара.— Міша?

З адтуліны паказваецца вострая мышыная мордачка з растапыранымі вусамі. Мыш кропелькамі чорных вачэй аглядае памяшканне і, калі пераконваецца, што ёй нішто не пагражае, шэрым камячком падкочваецца да прапаршчыкавых рук, хапае кавалак сухара і імкліва знікае ў адтуліне.

— Разумны ты мой! — задаволена, з палёгкай уздыхае прапаршчык.— Бачыў? Вось што робяць добрыя адносіны і трэніроўка. З рукі харчуецца. Жывёлы — яны душой адрозніваюць добрых людзей...

Салдат ківае і прывальваецца да стэлажа з цынкавымі скрынямі. Яму хочацца есці і спаць. Да абеду яшчэ гадзіна, а да адбою — восем. Можна палічыць, колькі ён перанёс скрынь, колькі падняў, колькі прайшоў, але нясцерпна ные плячо і ногі. Ён даўно зразумеў марнасць падлікаў, заганнасць і бессэнсоўнасць статыстыкі...

Хочацца нерухома ляжаць з закрытымі вачамі. Хочацца цішыні і спакою. Хочацца ні пра што не думаць, а толькі адчуваць, як гарачымі хвалямі бяжыць па жылах кроў і адыходзіць цяжкая і вязкая стома. Адыходзіць і забываецца...

— А мы не можам выхаваць некалькі ідыётаў. Адукацыю вам далі, школы ды інстытуты, а вы служыць не жадаеце... Разбэсцілі вас там. А тут перавыхоўваць трэба,— упэўнена кажа начальнік склада і перагортвае старонку канцылярскай кнігі.— Праца і дысцыпліна — вось ваш абавязак. Але гайкі заціснуць. Заціснуць, і тады запішчыце, як тыя мышы.

— А мы і працуем, таварыш прапаршчык,— стомлена адказвае салдат.

— Хто? Вось ты цяпер стаіш і спрачаешся, а праца, загад начальніка стаіць.

— Зразумеў! — салдат паварочваецца і цяжка ідзе да сцяны.

— Раз! — камандуе салдат і ўскідвае скрыню на плячо. Цяпер дваццаць крокаў да спрэс застаўленай сцяны і можна сказаць — тры!

Скрыні, складзеныя зялёнымі прыступкамі, нагадваюць салдату каменны мур. Параўнанне яму падабаецца, і ён працуе хутчэй.

Грыміць барабан, спяваюць трубы, звонка ляскаюць літаўры. Пад удар вялікага барабана «левай», гэта атрымліваецца механічна, звыкла, і салдат не заўважае, як трапляе ў рытм марша.

Прапаршчыкавы ногі ў карычневых бліскучых паўбацінках пад сталом адбіваюць такт. Яго шчокі надзьмуліся, рэдкія вусы рухаюцца, ён дыхае пад музыку. Салдату здаецца, што і пёрка адбівае крок дробнымі літарамі на белым аркушы.

— Войска без музыкі не можа існаваць. Што за парад без аркестра. Трам-там-там! Там-та-та-та-там!.. Самая лепшая музыка вайсковая. Труба як выводзіць,— прапаршчык адкладае ручку і з прасвятлелым тварам слухае марш.

— Армстронг не быў у войску, а трубач вядомы на ўвесь свет,— кажа салдат і бярэ скрыню.

— Хто?

— Луі Армстронг, таварыш прапаршчык.

— Я дванаццаць гадоў у аркестры служыў, на парадах двойчы хадзіў.

— Яго ўсе ведаюць, таварыш прапаршчык,— кідае салдат, калі праходзіць каля стала.

— Ты хочаш сказаць, што я неадукаваны, што я не прафесіянал? — твар прапаршчыка бярэцца чырвонымі плямамі.

— Я проста...

— Ты лічыш, што калі вучыўся ў інстытуце, то разумны і маеш права перапыняць начальніка?.. Адказвайце, таварыш салдат!

— Нічога я не думаю...

— Ды мяне, калі я ў адпачынку, заўжды ў аркестр запрашаюць, просяць прыйсці сыграць на канцэрце ў ДК ці на пахаванні...

— Я не хацеў вас пакрыў...

— Інстытуты яны скончылі, а за чые грошы. Я, можа, у гэты час... Я з пятнаццаці год у войску. Я загад выконваў, а ты папракаць мяне!.. Выконвайце загад!

Салдат цягае скрыні. Адкрываецца шэрая аблушчаная сцяна. Плямы солі выступілі на лушпінні фарбы, якая ад дотыку цярушыцца і агаляе шурпаты бетон.

Прапаршчык не зважае на шыльды «Не паліць», якія ўпрыгожваюць склад, нервова паліць і спрабуе супакоіцца.

Аркестр змоўк. Чуецца толькі тупат, глухія ўдары аб пліты. Раз-два! Раз-два! Аднастайна і цяжка ідзе батальён.

— ...нам загадвалі — мы выконвалі. І з усмешкай, радасна, хутка. Не ведаюць, што ёсць сапраўдная служба: два гады. Пяць, дзесяць — вось тады б ведалі, што да чаго.

Апошнія скрыні салдат ледзь носіць. Яны здаюцца ўдвая цяжэйшымі. Пальцы баляць і не згінаюцца...

На пляцы гучыць труба. Салдат прываліўся да стэлажа і глядзіць у акно. Падаюць сняжынкі. Ён мокры ад поту. На спіне і пад пахамі цёмныя рагі з белай аблямоўкаю солі. Дыханне цяжкае, у роце прысмак жалеза.

Па пляцы ідуць на абед роты. Салдат чакае загаду.

Прапаршчык адчыняе стол, дастае сухар, разломлівае і пачынае клікаць мыш.

— Міша! Мішутка! Хадзі да свайго начальніка. Маленькі мой, хадзі да мяне,— ласкава і супакоена вуркоча прапаршчык, шкрабе радыятар і не адводзіць позірк ад адтуліны.— Абедаць ужо час. Мішутка, хадзі сюды!

Мыш хапае кавалак сухара і знікае пад радыятарам.

— Ну вось, паабедай, маленькі...— супакоена кажа прапаршчык і вытрасае крошкі з далоні.

Пасля таго як прыбіраюцца сшыткі і ўключаецца вентылятар, на стале з’яўляюцца вялікі стракаты тэрмас і цыратавая торбачка з бутэрбродамі. Салдат глытае сліну і адварочваецца да сцяны. Ён чуе, як прапаршчык адкаркоўвае стракаты тэрмас, чуе, як шамаціць папера. Водар гарбаты змешваецца з пахам свежага агурка, вентылятар разганяе пахі па памяшканні склада, і салдат уяўляе, як ходзяць прапаршчыкавы сківіцы і растапырваюцца рэдкія хіжыя вусікі. Салдат адводзіць вочы ад аблушчанай сцяны...

 

Час абеду здаецца неверагодна кароткім. Ад цяжкай стомы салдат не заўважыў смаку і еў механічна і хутка, так, як і ўсе вакол яго за доўгім сталом.

У падсобным памяшканні сталоўкі, дзе грувасцяцца вялікія катлы, каструлі, вайсковыя тэрмасы, нясцерпна тхне хлёркай. На маленькім зэдліку пад пірамідай посуду дрэмле ў брудным сінім халаце і галёшах бачкамый па мянушцы «Страўнік». Калі ён чуе грукат каструлі, якая знарок пастаўлена пад дзверы, імгненна падхопліваецца і робіць выгляд, што імпэтна шаруе вялікую, добра ўкарэлую патэльню.

Спалоханасць знікае імгненна, як толькі ён пазнае земляка.

Салдаты выпальваюць па цыгарэце, Страўнік частуе рафінадам, расказвае хатнія навіны, дае яшчэ адну цыгарэту, і яны развітваюцца.

 

Пасля абеду салдат вяртаецца ў склад, пераапранаецца ў прапахлую потам «падменку» і пачынае жалезным скрабком абдзіраць фарбу. Хутка яго твар і рукі робяцца шэрымі. Фарба змятаецца і выносіцца на сметнік. Сцяна, як пярэстая мапа, з акіянамі і выспамі, з гарамі і азёрамі, з рэкамі і гарадамі. Салдат з цікаўнасцю і задавальненнем вывучае абрысы і выявы невядомых краін.

Прапаршчык некуды тэлефануе. Яго голас мяняецца: то на пагрозлівы і афіцыйны, то робіцца тонкім і ломкім, зрываецца на шэпт, то раз’юшана патрабуе.

Прапаршчык пераконвае нябачнага начальніка, што генерал абавязкова зойдзе да яго на склад і што сцяну трэба неадкладна фарбаваць...

Дыялогі па тэлефоне цягнуцца з паўгадзіны. Прапаршчык то падхопліваецца з крэсла і выструніваецца, то выгінаецца і ківае, то асядае і просіць, то кідае слухаўку і некалькі секунд лаецца...

Салдат сядзіць на скрыні і чакае фарбу. Ён раз-пораз пазірае на начальніка склада і на адтуліну пад радыятарам, дзе хаваецца мыш.

Фарбы арэхавага колеру няма. Прапаршчык зачыняе склад і раззлаваны бяжыць праз пляц да штаба.

Салдат няспешна выцягвае з кішэні загорнутую ў кавалак цыраты атруту для пацукоў, з другой кішэні кавалак смажанага мяса, выкочвае яго ў буры парашок і дубцом з веніка запіхвае глыбока ў адтуліну пад радыятарам.

На пляцы гучыць урачысты марш. Роты з песняй праходзяць і спыняюцца насупраць акна, зацягнутага сеткай-«рабітцай»...

Калі вяртаецца начальнік склада, салдат скрабе сцяну.

— Так?! — на твары прапаршчыка разгубленасць.

Салдат выструніваецца і чакае загаду.

— Так! Фарбы арэхавага колеру няма. Ёсць шэрая, але яна непрыгожая... Так? А генерал можа зайсці, і тады... Так! Усе скрыні трэба перанесці назад. Скрыні трэба паставіць як мага шчыльней, каб яны цалкам закрылі сцяну. Выконвайце, таварыш салдат! — прапаршчык задаволены сваёй вынаходлівасцю, паварочваецца да стала і здымае фуражку.— Ідыёты! — кажа сам сабе і адкрывае сшытак.

— Ёсць! — гучыць адказ салдата.

— Раз! — і пудовая скрыня на плячы.— Два! — і дваццаць крокаў да сцяны...

Зялёны мур руйнуецца.

— Міша! Міша! Хадзі сюды, мой маленькі. Хадзі да свайго начальніка...

 

Салдат складае мур з зялёных цаглін і не ведае, што праз тыдзень атручаная мыш будзе страшэнна смярдзець. Прапаршчык будзе доўга прынюхвацца, нарэшце здагадаецца і загнутым дротам выкалупае яе труп. Разам з мышынай ён выцягне і кавалак засохлага мяса...

Салдат не ведае, што прапаршчык аблае яго, што салдат яму адкажа, а прапаршчык зробіць яму пяць сутак «губы».

Прапаршчык і салдат не ведаюць, што на той час сапраўды прыедзе генерал і дзеля гэтай урачыстай падзеі ўсім жыхарам «губы» будзе амністыя, так што салдат адседзіць толькі суткі.

Салдат не ведае, што праз тры гады пасля войска ён сустрэне прапаршчыка ў перапоўненай прыгараднай электрычцы. Прапаршчык будзе апрануты ў цывільнае, але салдат пазнае яго па рэдкіх вусіках, акуратнай пасцы ад фуражкі і па карычневых вайсковых паўбацінках...

Яны павітаюцца за руку. Маленькія вочкі прапаршчыка пачнуць бегаць, ён будзе намагацца ўспомніць імя салдата, але пасля двух-трох пытанняў пра службу і таропкіх адказаў сыдзе.

 

Салдат прыхінаецца да разбуранага мура і цяжка перарывіста дыхае.

Прапаршчык уключае вентылятар, дастае са стала тэрмас і пачынае палуднаваць.

Салдат смокча кавалак рафінаду і з удзячнасцю думае пра бруднага бачкамыя, які ходзіць у галёшах і сінім заплямленым халаце. Цукар збівае апетыт, і салдат бярэ наступную цагліну-скрыню.

На пляцы грыміць барабан. Спяваюць начышчаныя трубы. Шалёстка ляскаюць літаўры.

Пад удар вялікага барабана «левай» — гэта атрымліваецца незаўважна і механічна. Салдат нясе скрыню. Ён выконвае загад.

Раз! Два!

Раз! Два!

— Міша, Міша, хадзі да мяне. Я цябе пачастую. Палуднаваць час,— прапаршчык шкрабе пазногцем па радыятары.— Хадзі да свайго начальніка!..

Салдат смокча апошні кавалак цукру і цягне скрыню. Ён успомніў імя чалавека, які ўсё жыццё вымушаны закочваць на высокую гару вялікі камень...

Раз! І пудовая скрыня на плячы.

Два! Паварот і дваццаць крокаў.

Але за што Сізіф быў пакараны і чым прагнявіў бога, застаецца па-за свядомасцю, і салдат, як ні намагаецца, успомніць не можа...

За акном ідзе снег. Аркестр грае стомлена і без ранейшага імпэту. Толькі вялікі барабан грукоча ўпэўнена і надзейна.