epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Сьцяпан

Зімны лёс

Шпітальная палата з кафлянымі сценамі была на адно акно. Алег мог гадзінамі глядзець на яго і сачыць колкае зіхценне крупчастых крышталяў, якія складаліся ў дзіўныя кветкі. Алег забываўся на боль. Думкі блыталіся, наплывалі ўспаміны. Белыя шурпатыя кветкі змянілі абрысы, і сузіранне іх прыносіла часовую палёгку і спакой. Алег засынаў. У сне звычайна вяртаўся боль, і ён прачынаўся. Малюнак на шыбах быў неверагодна вытанчаны і дакладны пры ўсёй фантастычнасці і неадпаведнасці рэальнаму жыццю.

Хлопцы ляжалі і глядзелі на спрэс замерзлае акно.

— Прыеду дахаты — яшчэ снег будзе. Пайду на лыжах на паляванне,— сказаў Міця і паглядзеў сваімі вялікімі празрыстымі вачамі на Алега.

— Ты што, тут не настраляўся?

— На паляванні іншае... Мы з бацькам ходзім. Прыязджай да мяне, з табой пойдзем. Куды-небудзь далёка. Я ўсю пушчу ведаю.

— Добра, толькі я на лыжах не ўмею,— Алег прыўздымаецца і папраўляе падушку.

— Гэта проста, я цябе навучу.

— Навучыш?

За акном пацямнела. Сонца схавалася. Кветкі на шкле пачалі нагадваць пакамечаны бінт.

— Алег, а ты як сябе адчуваеш?

— Не вельмі. Асабліва, як павярнуся ці хадзіць паспрабую.

— А ты не хадзі, калі што трэба, я прынясу. Скажы толькі.

— Скажу, не хвалюйся.

— Ведаеш, Алег, а мая нага ўжо тыдзень як не баліць. Я яе не адчуваю. Мне нават здаецца, што яе няма,— сказаў Міця і моцна пастукаў па тым месцы, дзе пад гіпсам было калена.

— Што ты робіш?

— Неяк дзіўна. Не адчуваю, і ўсё. Што ты скажаш?

Алег не ведаў, што можна сказаць.

— Калі пачынаеш прыслухоўвацца, то здаецца, што пад гіпсам мурашкі бегаюць.

— Маёр ведае! — падае голас сусед.

— Доктар кажа, што гэтак і павінна быць.

Алег адвёў вочы ад акна і ўтаропіўся ў бліскучы квадрат кафлі. Міця працягваў абмацваць загіпсаваную нагу.

— Слухай, герой, дастань цыгарэту і запалкі.

— Што, моцна баліць? — вінавата спытаў Міця.

— Ідзі, не разважай!

— Можа, сястру паклікаць?

— Ты што, дурань? Я прашу: схадзі па цыгарэту.

Міця спалохана падхапіўся. Абапёрся на мыліцы і нязграбна выйшаў з палаты. Алег пачуў стук мыліц, сухаваты і непрыемны.

Акно ўяўляла сабой дзіўны зімовы краявід. Алег закрыў вочы. Перад вачамі быў лес. Вялікія сосны, з камлямі колеру стрэляных гільз, стаяць маўкліва і непахісна. Пад дрэвамі ішоў хлопчык, тварам падобны да Міці...

З калідора пачуўся стук мыліц.

— Трымай.

Алег адкрыў вочы. Над ім схіліўся Міця, трымаючы на далоні запалкі і цыгарэты.

— Мне не давалі. Потым я сказаў, што для цябе, і далі. Зараз можна: на калідоры нікога, сястра сядзіць ля тэлефона.

Алег узяў цыгарэту. Падумаў. Чыркнуў запалкай, але прыкурваць не стаў. Ён глядзеў на запалку, якая згіналася, ахопленая полымем.

— Я прыеду да цябе.

— Прыязджай. Мае ўсе ўзрадуюцца. Прыедзеш летам — пойдзем на раку. У нас такая рака... Калі хочаш, тады і прыязджай.

Алег кінуў пад ложак запалку і запаліў наступную.

— Слухай, ты што збіраешся рабіць, як прыйдзеш дахаты?

Міця задумаўся.

— Пайду на паляванне. Адразу,— ён схамянуўся і пайшоў да акна.

— Я не пра тое... Ты вучыцца думаеш?

— Можна. У тэхнікум пайду. Хачу быць лесніком.

— А калі не атрымаецца?

— Мне заўсёды шанцуе. Тым больш да войска я працаваў памочнікам у бацькі.

— Шанцуе? Дурням шанцуе! — Алег закрыў вочы.

Міця стаяў ля акна. Адчыніў вузкую фрамугу і пачаў прахукваць вочка. Потым прыладкаваўся і стаў глядзець у шпітальны двор, безнадзейна пусты і казённы. Нішто не парушала геаметрычнасць халоднай планіроўкі.

Алег заварушыўся і зябка павёў плячамі.

— Ну, як вы тут? — бадзёра спытала медсястра.

— Нічога. А ты як? — адказаў Алег.

— Мароз на вуліцы,— яна стаяла спінай да халоднага іскрыстага шкла, на якім ззялі нежывыя кветкі.

Алег маўкліва пазіраў на сцяну. Дзяўчына паправіла валасы, што выбіліся з-пад каўпака з чырвоным крыжам.

— А што, на калідоры ёсць хто? — Міця падняўся і, грукаючы мыліцамі, выйшаў.

— Ну, як ён? — сястра кіўнула на Міцяў ложак.

— На паляванне збіраецца,— злосна сказаў Алег і, ухапіўшыся за біла, падцягнуўся.

— Значыць, ты яму не сказаў.

— А чаму гэта павінен рабіць я, чаму?

— Не ведаю.

— Скажы сама.

— Я думаю, лепш...

— А што вы думаеце за мяне. Я не ведаю, як такое сказаць. Не ведаю. Хто я такі, каб абвяшчаць прысуд? Хто мне даў такое права? Маёр? Палкоўнік?

— Так. Усё так,— яна адышла ад акна і села на пусты ложак.— Я цябе разумею.

— Уяўляеш, ён лічыць, што яму шанцуе. Шанцуе... Інвалід. Як можна сказаць гэтаму дзіцёнку, што ён інвалід. Я не магу.

— Табе прынесці кніжку?

— Прынось.

— Добра. Толькі ты не хвалюйся.

— А што мне хвалявацца, мяне праз два тыдні выпішуць.

— Яму гіпс здымуць праз два дні. Потым будзе камісія.

— Ён ведае.

— Сітуацыя.

— Лепш бы мяне паклалі ў другую палату. Я ўжо не магу з ім.

З калідора пачуліся галасы.

— Ну, я пайду. Да вечара.

— Слухай, няўжо нічога нельга зрабіць?

— Маёр сказаў — безнадзейна,— сястра кіўнула і, не падымаючы галавы, хутка выйшла.

Алег закурыў. Цыгарэта была з медыцынскім прысмакам. Замерзлае акно нагадвала зімні лес. Вочка, што прахукаў Міця, вісела над шатамі вялікіх рэліктавых дрэў, як цёмнае сонца. Яно павольна зацягвалася слюдой ільда, рабілася меншым і цьмяным. Алег выдыхваў сіні дым, які скразняком цягнула да акна.