epub
 
Падключыць
слоўнікі

Уладзімір Высоцкі

Вершы 2

Антысэміты
Лазьня па-чорнаму
* * *
Прысуджаныя да жыцьця
Крымінальны кодэкс


Антысэміты

 

Навошта шпаною мне быць ці бандытам?

Я лепш далучуся да антысэмітаў.

На іхным баку, - хай няма і законаў, -

Падтрымка і энтузіязм ста мільёнаў.

 

Вось вырашыў я, што камусьці быць бітым.

Даведацца трэба, хто ж гэта - сэміты?

Магчыма, яны - вельмі добрыя людзі,

Быць можа, гадоў пяць за іх мне прысудзяць?!

 

Але мой настаўнік - п’янтос з бакалеі -

Сказаў, што сэміты - дык гэта габрэі.

Шанцуе мне так, што я скончыў вагацца:

Я ўжо не трасуся, каго мне баяцца!

 

Мацуюся я, бо з глыбокай пашанай

Адношуся я да Альбэрта Айнштайна.

Прабачце вы мне, запытаю міжвольна,

Аднесьці куды мне Абрама Лінкольна?

 

Між імі - ў пакутах ад Сталіна Каплер,

Між імі - шануемы мной Чарлі Чаплін,

Мой сябар Мільштэйн і ахвяры фашызму,

Там нават і сам заснавальнік марксызму.

 

Але ж той п’янтос мне казаў пад каўбаску,

Што п’юць яны кроў немаўлят хрысьціянскіх.

І хлопцы аднойчы ў піўнушцы казалі,

Што Бога яны неяк раскрыжавалі.

 

Ім трэба крыві! І яны бессаромна

Мардуюць сланоў у зьвярынцах штодзённа.

І гэта яны ж у народа пакралі

Ўсё жыта, што летась калгасы сабралі.

 

Ля Курскай, Казанскай, Смаленскай чыгунак,

Як богі жывуць - усюль гэткі малюнак.

Нічога для справы такой не шкадую -

І б’ю я жыдоў, і Расею ратую!

 

1963

 

 

Лазьня па-чорнаму

 

Таі,

Добра, думкі недарэчныя таі!

Палі,

Спраўна лазьню мне па-чорнаму палі!

Раві,

Хай мяне загубіш ты, але - раві!..

Палі,

Толькі лазьню мне як хочаш прапалі.

 

Вох, як прыйдзецца зардзецца,

Эх, стаміцца!

Але ж, здаецца,

Не адмыцца.

 

Ня сьпі,

Дзе кашулю мне па пояс здабыла?!

Палі!

Эх, адмыюся я сёньня дабяла.

Крапі

Сьцены чорныя, нібыта вугалі.

Палі,

Чуеш, лазьню мне па-чорнаму палі!

 

Вох, як прыйдзецца зардзецца,

Эх, стаміцца!

Але ж, здаецца,

Не адмыцца.

 

Крычы!

Ў кут загнаны зельлем, быццам хортам - лось.

Маўчы!

Галава ўжо не трашчыць з пахмельля, вось.

Цярпі,

Ты ж сама мяне здала па дурасьці!

Палі,

Каб увечар я шчанём быў чысьценькім!

 

Вох, як прыйдзецца зардзецца,

Эх, стаміцца!

Але ж, здаецца,

Не адмыцца.

 

Купі!

Ты ахоўніку дай грошы, што ў крыві.

Палі!

Чуеш, лазьню мне на золку распалі!

Раві!

Хай мяне загубіш ты, але - раві!

Палі!

Гэту лазьню мне як хочаш, прапалі!

 

Вох, як прыйдзецца зардзецца,

Эх, стаміцца!

Але ж, здаецца,

Не адмыцца.

 

1971

 

 

* * *

 

Новыя левыя - хлопцы нястомныя,

З чырваньню сьцягаў, шалёнаю плоймаю,

Што вабіць вас у сярпах так і ў молатах?

Ці хто абкураны з вас і абколаты?!

 

Слухаю гучных прамоўцаў-вар’ятаў я:

«Экспрапрыяцыя экспрапрыятараў...»

Бачу партрэты зь вядомымі тварамі -

З Мао, Дзяржынскімі ды Чэ Геварамі.

 

Як зразумець, хто тут левыя, правыя...

Ведаю, ўлада - жанчына крывавая.

Коркам у кожнай бутэльцы быць - весела,

Месяц-другі б у Бутырках правесьці вам!

 

Не мітусіся, мадам перакладчыца,

Я не сьпяю, надакучыла, значыцца!

Цьвёрда стаяць на сваім некаторыя,

Ім магу даць я падручнік гісторыі.

 

1978

 

 

Прысуджаныя да жыцьця

 

Ў дарогу - руш! Ці - у труну лягай!

Так! Выбар небагаты перад намі.

Далі жыцьцё нам - не жыцьцё, а рай, -

Але ж для пэўнасьці скавалі кайданамі.

 

А нехта, без аглядкі ды наўгад,

Ўсяму паверыў неасэнсавана.

Ці то жыцьцё - калі ты ў ланцугах?

А хіба ж выбар то - калі скаваны?!

 

Каварная нам зробленая ласка -

Нібыта ў злых пустынях міражы:

Сьмерць ад сваіх - наперадзе з грымаскай,

І ззаду сьмерць, але ўжо ад чужых.

 

І сшэрхла цела, і сышла душа,

І мы маўчым, як падстаўныя пешкі,

А з-за крывога лабавога шкла

Нам ганьба шчэрыцца ды рассыпае ўсьмешкі.

 

Калі б вось тыя ланцугі парваць -

Забілі б тады ўласнымі рукамі

Таго, хто здагадаўся прыкаваць

Нас да жыцьця такога ланцугамі.

 

Няўжо мы шчэ на нешта спадзяемся?

А можа, нам ланцуг не па зубах?

Тады чаму ж у браму раю б’емся

Касьцямі мы па кованых скабах?

 

Прапанавалі выхад нам з вайны,

Але цану такую закруцілі,

Што, да жыцьця прысуджаныя, мы

Павінны бавіць час у здрадзе, ганьбе, цьвілі.

 

Каштуе ці жыцьцё такой цаны?! -

У гэтым сьвеце ўсё неверагодна!

І воддаль ад вялікай той вайны

Магчымасьць ёсьць яшчэ памерці годна.

 

Ня трэба нас з балотнай сьлізьзю мераць -

Мы гнёздаў сабе ў гнілі не саўём!

Пакутлівым жыцьцём нам не памерці -

Мы лепей пэўнай сьмерцю ажывём!

 

1973

 

 

Крымінальны кодэкс

 

Ня трэба нам сюжэты ды інтрыгі -

Мы чулі пра забойствы ды шантаж.

Напрыклад, на Зямлі найлепшай кнігай

Лічу я кодэкс Крымінальны наш.

 

Калі віно сядзіць ужо ў пячонках,

Ці галава баліць, як у гульца,

Я кодэкс разгарну зь любой старонкі -

І не магу! Чытаю да канца.

 

Сябрам не растлумачваў я сакрэтаў,

Бо ведаў, што ў пашане ў іх налёт.

Вось толькі што я прачытаў пра гэта:

Ня менш за тры, ня больш за дзесяць год.

 

Вы ж толькі зразумейце, небаракі, -

Радкі, якім раманы не раўня.

Ў іх доўгія, як тэрміны, баракі,

Скандалы, бойкі, карты ды хлусьня.

 

Ня бачыць мне б радкоў абрыдлых гэных! -

За кожным бачу я чый-небудзь лёс,

І рады я, калі артыкул - дрэнны:

Бо каму-небудзь пашанцуе ўсё ж...

 

І сэрца пачынае птушкай біцца,

Калі артыкул свой пачну чытаць.

І ў скронях кроў грыміць ды мітусіцца,

Нібыта мент, калі прыходзіць браць.

 

1964



Пераклад: Артур Пэдзько

Беларуская Палічка: http://knihi.com