epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Акерманскія стэпы

пераклад з А. Міцкевіча

З Адама Міцкевіча

Уязджаю на прастор сухога акіяну.

Воз гіне ў зелені, як чайка на вадзе;

У хвалях шумных траў, між кветкамі брыдзе,

Мінаючы кусты калючага бур’яну.

Змяркаецца. Не знаць ні шляху, ні кургану.

Гляджу на небасхіл: мо зорка блісне дзе...

Вось хмарка там — на ёй свет водбліскі

кладзе.

То за Днястром маяк мігціць ля Акерману.

Спыніліся. Плыве крык жораваў у цішы,

А іх і сокала не згледзіць быстры зрок.

Чутно, калі матыль сцяблінкі траў калыша.

Як слізкі вуж паўзе і крыецца у змрок.

Такі спакой, што, каб паклікаў хто ў Літве,

Пачуў бы я. Дарма! — Ніхто не пазаве.

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - с. 124
Крыніца: скан