epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Бяссонне

Смяротнае, глухой тугі

Зіяе чорнае бяздонне...

О час запынены, благі!

О ноч жахлівая бяссонная!

Не сплюшчыць высахшых вачэй

І пустаты не здолець немай.

Душа ў пацёмках, без надзей

Стаіць над нейкаю дылемай.

Тупы, халодны шчэміць боль,

Плывуць бязвольна думы ройма,

І жах цячэ праз сцены, столь

І песціць ў абцугах-абоймах...

Адна-аднюсенькая грань

Да новай, дзіўнае свабоды:

Ўстаець у жоўтым, здрадным здань

І ледзянячы вее подых...

Рукой нячутнай Шал кране,

І вернай не мінуць загубы...

Малюся — выратуй мяне,

Спакой адвечны, мілы, любы!

1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан