epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Бясспынна, глуха процьма часу..."

Бясспынна, глуха процьма часу

Глытае хараство і моц.

Заход бясшумным, светлым пасам

Адзначыў свежае дзярно.

На могілках ўдыхаю цішу,

Адзін жывы паміж крыжоў,

А смутак дзіўны сэрца крышыць,

Без назвы смутак і без слоў...

І раптам стала зразумелым,

Што маладосць прайшла мая,

Што я астыў, калісьці смелы,

Калісь гарачы, яркі я.

Стаю разважны і халодны,

Як сутуняючая даль,

І толькі сум сябруе згодна,

І толькі жаль, радзімей жаль.

Вось крыж і новыя балясы,

Грудок, абложаны дзярном...

Бязлітасная процьма часу,

Не я — пад тым крыжом!

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан