epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Божа, не шмат засталося..."

Божа, не шмат засталося

Піць мне з келіху дзён.

Восень, як жменю калосся,

Скосіць жыцця майго сон.

Скосіць халодна, дазвання,

Ў сэрцы насмешлівы здзек:

Сумна тваё адцвітанне,

Квеце зямлі, чалавек!

Вось і згарэў да астатку

У вогнішчы горкім жыцця,—

Усё ж навакола — загадка,

Чым жа пацешуся я?

Цёмна светабудова,

Мгліста і глуха са мной.

Не чуўшы сапраўднага слова,

Польнай хілюся травой.

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан