epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Хто там паклікаў?.."

Хто там паклікаў? Спяшаю за кім?

Хто так ўладарна й нячутна?

Ты, незнаёмая, правам якім,

Сілай якою магутна?

Доўгі з пытаннем супынен пагляд,

Чорныя вочы — вуголлі.

Кроўю і крозай закляты — ўжо фат,

Следам імкну мімаволі.

Ўсё заўважаецца — шэрасць, туман,

Людзі, рух вуліцай хуткі.

Гнуткі, паветраны ўслізгвае стан,

Крок яе лёгкі і пруткі.

Вось азірнулася — полымя з воч,

Профіль спакойны і тонкі.

Профіль... І бегчы?.. Як смешна!..

А, проч!

Боль, як і радасці,— звонкі!

Сэрца, замоўкні, ўзрушэнне, адрынь!

Дзіўнай мне мерай ты мерыш.

Біцца, маё неразумнае, кінь!

Як немагчымаму верыш?

1924

* * *


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан