epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Да Пятра зязюленька..."

Да Пятра зязюленька

Ў лесе кукавала;

Да шлюбу Гануленька

Весела спявала.

Ды гуляла, цешылась,

Не хапала ночы,

Ой, вячоркі-веселасць,

Ой, гады дзявочы!

Мінула зязюленькі

Ў лузе жыраванне.

Сцішала Гануленькі

Пры бацьках спяванне;

Не цвіці ты, зелейка —

Рута-мята ў садзе;

Ўбралі Ганну ў белейка,

Сядзіць на пасадзе.

— Ой, каханы татачка,

На што ж рыеш яму —

Выдаеш дзіцятачка

За нялюба замуж?

— Ой, матуля родная,

Чым табе не міла,

Ці была нягодная,

Ці не дагадзіла?

Чула сэрца чулае,

Не паможаш просьбай...

Выдаюць патулае

Татка з мамкай грозьбай.

Пойдзе кветка польная

У свет чужы за светы

Праклінаць бяздольныя

Маладыя леты.

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан