epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Дарма, што значны раны..."

Дарма, што значны раны

Праз небагаты ўбор

І тужны, праз туманы,

Відаць вачэй дакор,—

Яе аблічча светла,

Узорны — тканы пас,

І летуценні ветлы

Аб недалёкі час.

Між пушч яе сяліба,

Дзе хіліцца асець,

І там, дзе цьмяна скіба,

Прыходзіць песні пець;

І там, дзе над балотам

Кудлачыцца туман,

К густым рачным чаротам

Мільгае лёгкі стан;

І дзе над даўнім сумна

У неба крыж ўстае,

Падгледзеў я задумнай,

Маркотнаю Яе.

Аддана, кім — не знаю,

Душа ў яе палон,

Але няма адчаю

Ў марудным бегу дзён.

Надзеюся і веру

Патайнаму сляду,—

Нясе ў самотнасць шэру

Яна маю звязду.

Малюся Ёй, упарты,

Палону тайна рад:

— Хай, верны, буду варты

Тваіх жабрачых лат.

— Дазволь з Табою разам

Спаткаць нядзельны час,

Каб новай песні сказам

Хваліці твой абраз!

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан