epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Дзіця

Са смехам па пожні так жвава

Бяжыць, матылька даганяе

І топча і кветкі, і травы

Дзяўчынка, нябога малая.

Дзіця, супыніся часіну!

У жыцці без патолі і ласкі,

Як злыдні й нягоды ахінуць,

Ці ўспомніш стаптаныя краскі?

Пад сонцам вясеннім і шчасным,

Ў вясеннюю, светлую пору,

Стаптаныя, ссохнуць заўчасна

Яны без тугі і дакору...

Дзіця, супыніся і далей

Бяжы па зялёнаму долу...

Такія блакітныя далі,

Так проста і ясна наўкола!

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан