epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Дзед

Патухшымі вачыма

Глядзіць на божы свет

Стары, у крук сагнуты,

Як голуб, белы дзед.

Пражыў на свеце многа:

Без нечага сто год,

За век пабачыў гора,

Нямала вынес слот.

Калісьці, да паўстання,

Рабіў, цярпеў прыгон...

К нямцом не раз віціны

Ганяў па Нёмне ён.

Меў сілу непамерну,

Здаровы быў, як мур,

Таму так жыва з песняй

Арэ сын родны «шнур» ;

Таму так — шчыры ў працы —

Будуе край унук,

Адважны і бясстрашны,

Не пакладае рук.

А дзед жыве мінулым,

Таемным і глухім,

Гаворыць-бае казкі

Аб даўнім і сівым:

Пра войны, панства, войтаў,

Русалак і начніц,—

І хараством чаруе

Няхітры склад быліц.

Ды часта паглядае

За вёску ён... туды,

Дзе між бяроз пад крыжам

Спачыне ад бяды.

Ды хоць стары, а думку

Гадуе ўсё адну:

Хоць перад смерцю ўбачыць

Свабоднай старану.

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан