epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Дзень і ноч

Ў раскошы пераможнай дня,

Ў святле і яснасці ўрачыстай,

Ў яго апратцы залацістай —

Жарстокая харашыня.

Праз сонечны яго пагляд

Душа заўважае халоднасць,

І дзіўную трывог нязгоднасць,

І у цвярозасці разлад.

Праходзіць ён па-над зямлёй,

А да зямлі самой бяспечнасць.

І ўсё ж глухая бессардэчнасць

Да працы й клопату людзей.

І, стомленым, здаецца нам —

Пад бліскам гэтага каберца

Другога свету б’ецца сэрца

І тайна бытавання там.

Завянуць, збледнуць фарбы дня,

Прысуд не знаючага, помсты,—

І невядомыя таёмствы

Уявіць цемры глыбіня.


1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан