epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Дзённік

1923 г. 15 сакавіка
1 мая
2 мая
5 мая
6 мая
10 мая
17 чэрвеня
2 жніўня
6 кастрычніка
31 ліпеня 1925 г.


 

1923 г. 15 сакавіка

Смерць саўсім не страшыць, нават больш: яна жаданая госця. Пужае жах жыцця — жорсткі і няўломны, няўмольны. Я баюся пустаты і хаосу, а яны паўнаўладны. Песні хаосу заўсёды з намі, чортавы, праклятыя песні. Толькі на час праяснее неба нашага духоўнага свету, і здаецца (здаецца толькі) гармонія. Ах! Як цяжка жыццё, які велізарны цяжар. Б’ешся ў ім, як муха ў павучэнні, і, мітусячыся, толькі больш заблытваешся... Але я ўсё ж адчуваю, што няшчасце і пакута заложаны не ў рэчах, і ў нас самых. «Я», яго перажыванні твораць у нас і радасці і пакуту. Ды ад такога ўяўлення не лягчэй. Безумоўна, гаспадару трудней, як парабку. І не пазайздрошчу я богу. З сабой найцяжэй уходацца, утрымваць сябе і кіраваць.

Раб не ведае любові — ён пахатлівы. Мы дзеці рабоў, атручаныя рабствам і зняверай.

1 мая

Хлопец старанны — у 1,5 месяца раз ледзь забраўся заглянуць сюды. Але цяпер пастанова: пісаць кожнага дня і не менш двух старонак. У гэтым свая пэўная мэта, якую покі што захаваю. Галоўнае ж заданне, каб найменш аб глыбакамудрых рэчах, а болей чаго іншага. Тады можа будзе больш смеласці брацца за гэты сшытак.

Такім чынам,— першае: канстатую, што Валодзя страшэнны лянцяй і паважанаму пану Ул. Жылцы тым дастаўляе толькі непрыемных мінут і наводзіць на горкія сумныя развагі: ці гэта хвароба вылечваецца, ці не застарэлая вельмі хворасць? Развагі, якія могуць і не такога чалавека кінуць у холад і ў жар. Другое: я зусім даўся духова, чарвяточына ў сярэдзіне, ад якое нудзіць светам цяжка. Але аб гэтым лепш і маўчаць: не чапай ліха, як спіць ціха! Лепей я раскажу аб сваім каханні, апошнім каханні. Каханка гэтая... і хто б мог падумаць... Хараство. Я хацеў бы зусім, як гімназіст 5 класа, без павароцця ўкахацца. Мне здаецца, што мая Каханка няздрадная, нязменная... Хаця, што з гэтага: я — Янус, я — нясталы, няпэўны. Колькі было раней падобных «каханняў». Але можа таму і кахаў — і Беларусь, і барацьбу, і буры, і вясняныя громы, і палі, і сенажаці, што ва ўсім гэтым свяціўся Яго свет. (Цікава, што па-беларуску Хараство, як і Неба, як і Сонца, святло, цяпло — ніякага роду.) І чым грубей і недалікатней штоўхае цябе жыццё, чым яго ўсмешкі больш жорсткія, чым балючай жыць,— тым больш хочацца Яго — Хараства. І чым яго менш становіцца ў табе, тым дужэй жаданне, прага да Яго. Я нат не ведаю, што яно такое. Мне хочацца думаць, што Яно і ёсць вялікая запраўдная рэальнасць, якое няма нат у навуцы. (Вось бы здзівіліся вучоныя аўтарытэты, каб чулі гэтую ерась: у навуцы няма рэальнасці.) Жыццё так шмат разбіла найдарожшага, што нічагусенька не засталося — адзін «правал», нейкае чорнае бяздонне, якое ўсё часцей аскальвае сваю жахлівую зяпу... Брр! Страшна! Зямля ўцякла з-пад ног. А так бы хацелася ўчапіцца за што-небудзь моцна-моцна, прутка стаць на нейкую «сваю зямлю», на рэальнасць. І калі Хараство і ёсць Абяцанкай, блакітнай затокай... Хоць я не ведаю, што я заву гэтым імем. Мне здаецца, што я Яго толькі адчуваю, толькі лаўлю Яго сляды, Яго ўсмешкі і, здаецца, скарб Яго рассыпаны ўсюды, усюды, як юр’еўская раса на травах і лістах. Душа так сквапна ловіць Яго пэрлы-расінкі. Пералічыць іх не можна, бо Яго, як зор у небе (у кожнай зорцы Яго свет), як кропляў у моры, як лісткоў на дрэвах, як... Але і Брыдкасць уродства магутнае і ліпкае, як паганыя думкі ў хворага. А я ці не хворы? І ліпне, паскудзіць яна істоту божую. Цяжка ад яе дыхаць, бо і ў сярэдзіне, у самым табе яна. Песняры, музыкі найбольш адчуваюць гармонію, сугучнасць, таму ім найболей знаёма і агармонія, чорнае. І якое заўзятае змаганне ідзе. У маёй памяці цэлы рой гэтых пакутнікаў-мучальнікаў. Усе яны рыцары Святла, змагары з цемрай: трагічны Гогаль, парадаксальны Оск. Уайлд, святы Гл. Успенскі, хворы Дастаеўскі, мудры Ібсен, заблудзіўшыйся Ніцшэ. І ўсім жорсткі, у жоўтым Жах скрывіў болем рот. Сын Цемры — Шал — перамог!

Толькі дужыя, здаровыя ходзяць без кія, а слабому трэ падперціся, трэба дапамога. Мо таму я так упарта шукаю падпоркі... Я ніколі не быў атэістам, але і ніколі не ўдзяляў справам веры вялікай увагі. Я быў захоплены жыццём, яго шумам, ахмялеў ад яго. А цяпер, калі праходзіць першы чад, звяртаюцца вочы мімаволі ў нейкія нябачаныя туманы, хочацца чуць нешта. Пытанне веры становіцца на чаргу. Але адно: Хрыста, светлага Ісуса я заўсёды любіў. Знаю яго боскасць (хоць Богам ён мог і не быць) і знаю яго чалавечнасць. Знаю яго магутнасць, калі забараняў мору хвалявацца, але знаю і яго малітву слабасці «Хай міма пройдзе келіх гэты» ў садзе. Бачу яго ўладаром, як едзе ў Іерусалім, і паніжанага, зняважанага воямі. Люблю яго, як моладасць сваю, як казку, як легенду, як лёгкі сон, як летуценне, але люблю і як сімвал мае трагедыі, люблю яго за вялікі трагізм, за мукі яго, за раны, за крыж яго. Без гэтага казка была б не поўная, легенда ўтраціла б сваю цудовасць, спагаднасць-прывабнасць, сон згубіў бы сваю чароўнасць. Я не ведаю нічога болей харошага, вялікага, як няўміручы (ляпей сказаць) памершы і ўваскросшы Хрыстос.

2 мая

Ну і сягоння крыху мазну. Мне сапраўды ўсё болей хочацца зямнога, простага, вясковага жыцця: любіць зямныя рэчы. А добра знаю, што гэтага доўга, доўга няможна спадзявацца, нават думаць. А добра было б адпачыць дзе-небудзь на святой Беларусі, у якім-небудзь прыгожым куточку сваёй хатай, сваім ладам. Вось буржуйскія думкі і прэтэнзіі, але, спяшаюся апраўдацца: толькі адпачыць у ціхім куточку, паправіць здароўе, а там, далей, у буры з галавою. А бывае, адчуваеш страшэнную змору, і здаецца, што ты шмат, шмат гадоў жыў, усё бачыў, усюды быў і так стаміўся ад нейкага доўгага жыцця, што Супакой вабіць цябе як нешта найлюбае, найжаданае. Не хочацца нічога думаць, ні аб чым летуцеці, акрамя як аб Адвечным Сне. Але думкі такія паганыя, як гразь асенняя, ліпкая. Абрыдзелі яны мне. Я калісьці быў светлы і белы, як анёл, і думкі былі, як бель вішнёвага цвету, як крылы лебедзя.

5 мая

Пачынаю лепей чуць сябе фізічна і як бы крыху супакойваюцца нервы. А разам з гэтым і вясна робіць уражанне, і ў мяне з’яўляецца надзея на лепшае, хоць мяркую, што, стары дурань, яшчэ раз горка памылюся. Але хочацца верыць, што буду зусім здаровым, што буду магчы шмат, шмат працаваць. Што ж, я хачу быць карысным свайму краю. Ох, якія часам прыходзяць гордыя думкі ў галаву і абы здароў быў, то я чую ў сабе здольнасці і сілу выканаць іх. Маё «адступленне» (толькі не ад ідэі, а ад працы) толькі тактычнае, каб нарэшце перайсці ў наступ і да перамогаў, абавязкова да перамогаў. Які ж я быў бы крывіч, каб не спадзяваўся на гэта. Так — я крывіч і хачу, каб была на свеце крывіцкая нацыя. У гэтым «хачу» мая нязломная воля. Для гэтага ёсць адпаведныя варункі, пэўны грунт. На ім можна шырока і поўна выявіць сваю індывідуальнасць. Ва ўсім гэтым ёсць доля шалу, але ён адчуваецца нібы ў светлым полымі святасці. Але «думкі, думкі — звадыяшкі!»... Ша!

Мае адносіны да паэзіі: яны глыбокія і інтымныя, але і тут нейкая хворасць. Трэба самавызначыцца ў гэтым напрамку. Што ж: паэт я ці не? Не і але, але і не! А нарэшце я нічога не знаю. Я люблю Яе. Але маё гора, што я не ўмею рабіць нічога вольна і звонка; ёсць у маёй істоце нешта цяжкое, панурае. Каханне ў мяне вядзе не да радасцяў, а да канфліктаў; і не вышэйшую гармонію адчуваеш, а халодны подых хаосу. Я калісьці чакаў уваскрашэння ад звычайнага кахання са смяротнаю і чакаў яе. А затым у мяне не хапіла нат эстэтычнага пачуцця. Дурань я, дурань! А паэзія — яна ж таксама не аднакавая, няма пастаянства.

Аб ёй заўтра, а сёння пара спаценькі.

Пазаўчора пісаў ліст Тамашу, таму не заглянуў сюды. Можна дараваць. Учора паленаваўся — штраф: тры бачынкі больш напісаць заўтра.

6 мая

Дзейнасць праламаная цераз прызму рамантызму ужо не ёсць дзейнасць (карыстаюся словам у разуменні рэальнасці), але «сутнасць рэчаў сама ў сабе невядомая» па Канту, а таму чым маё рамантычнае ўяўленне горшае за дзейнасць, уяўленую здаровым змыслам. Чаму, зусім не разумею, гоняць рамантызм, насміхаюцца над ім? Рамантызм, ідэалізм — гэта тое, чым трымаецца наша зямля, тое, без чаго немагчымы быў бы жаданы поступ, без чаго існаванне стала б немагчымым, цяжкім і чадным.

10 мая

Дзе ляжыць залог катастрафічнай (праўдзівей, трагічнай) развязкі «Дэмана» ў Лермантава. Ці ў ім, якому «зло наскучило», ці ў ёй — Тамары. Я гатоў тыкнуць пальцам у Тамару, бо гэта яна «не создана для мира». Яна і ад ласкаў князя «извяла б, ссохла наконец» (Цютчаў). Уся абмылка Дэмана, што ён выявіў сябе вельмі палкім, гарачым палюбоўнікам. Усе яго маналогі — магутныя гімны каханню. Безумоўна, у сваім каханні ён «неизменен и велик», і ў гэтай памылцы яго спасенне.

17 чэрвеня

Як пагана чуць сябе хворым, слабым, няпрудкім на нагах. Ходзіш, хістаешся, і ўсё ў нейкім тумане. І нічога, нічога не ведаеш, што дабро і што зло, і куды ісці, калі ноч і бездарожжа? Калі цёмна і холадна! А галава, як волавам налілася, і думка такая тупая і непаваротная. Цяжка не жыць, а па-скацячы (па-жывёльнаму.— У. К.) бытаваць...

Чырвоны рожы — крывавыя і палкія. А іх пах мляўкі, аслабляючы волю, грахоўны і распусны. Удыхнуў яго раз і чуеш, што ўжо атручаны на ўсё жыццё, што летуценні твае ўжо не будуць чыстымі і светлымі, як звонкая гаманлівая крынічка, і такімі халоднымі, як яна. Быць ім ужо ахварбаванымі ў чырвоны палкі колер, быць ім прыварожанымі і неспакойнымі. І ты, які ўпадабаў свет, створаны ўласнымі летуценнямі, які ад гэтай безгалосай будзёншчыны, як ад дакучнага авадня, хаваешся ў бязмежныя, цудоўныя палацы свае фантазіі, якому прыкра бачыць звярыныя морды на двух нагах, які ўкахаўся ў блакітныя прасторы, у зялёныя сенажаці і прывабныя далі — ты сумуй няўпынна. Бо гора табе! Усе колеры адцвілі і палінялі, у вачах чырвоная хварба, і праны пах крыкам працінае кроў.

І калі не стане змогі працівіцца ці паху, ці мо ўжо самому сабе (адкуль ведаць?), калі воля, як пабіты бураю квет, ціха, бяссільна [...] дзесь, у далёкім куточку, то гэта настане час твайго паніжэння, падзення, ганебны час. І ці можна быць светлым, калі тваё жыццё, як хаўтурны матыў?

2 жніўня

Той месяц такі і нічога не пісаў. І ён патануў у працы і занятках зусім незаўважаным — борзда і, на маю радасць, даволі цвяроза. Не гледзячы на працу, я пачынаю чуць сябе крышку лепш фізічна, а разам з тым і духова. Мне здаецца, што каб я быў здаровы, то мог бы быць карысным і блізкім сваім і свайму народу. Разам са здароўем прыходзяць здаровыя творчыя думкі, у галаве варушацца і спеюць новыя тэмы. Я б цяпер з вялікаю радасцю аддаўся літаратурным заняткам. Прызнаюся — я люблю пісьменства. І мусіць мне не развязацца з ім ніколі. Маюцца ў думках некалькі новых планаў. Усе цяжкія і патрабуюць грунтоўнай падрыхтоўкі. Хацеў бы ў форме паэмы выказаць глыбіню, уменне думаць нашага селяніна, яго нахіл да містыкі і любоў да зямлі, да працы на ёй. Хацеў бы змаляваць нашага масавоза Янку і гэну паэму назваць яго імем «Янка» і давесці, што яго містыка і сквапнасць да працы робяць з яго элемент годны для дзяржаўна-нацыянальнага будаўніцтва. І, мала таго, робяць яго самога будаўнічым... Усё покі што ў праекце яшчэ вельмі чарнавым. Усё мусіць быць, напрыклад, пабудавана на фоне народнай творчасці, і хацеў бы нават — народным вершам беларускіх песень. Але гэта тонкая, не лёгкая задача.

Другая сур’ёзная непакоячая рэч прыблізна мусіць быць такая — псіхалогія лжэпрарока. Чалавек, які адчувае, што каб нешта яшчэ меў у сабе, то мог бы быць правадыром свайго народу, які любіць гэты народ, адчувае яго паніжэнне, гаруе над ім — герой задуманага. Дзеянне адбываецца ў Іудзеі, перад прыходам на свет Хрыста. Мусіць схілюся да таго, каб прыбраць твор у драматычную форму і пяцістопавы ямб... Але, калі тое будзе. І часу брак, і варункі далёка не спрыяючыя працы літаратурнай. І дурань я, дурань!... Чаму б не згадзіцца, што я маю крышку волі, а таксама маю права думаць аб літаратуры і сам пісаць. Сумненне і знявера, як атрута, душаць людзей.

У чым паратунак людскі, і што значыць знайсці самога сябе? А быць такім, як ты ёсць — найцяжэй, а мо зусім немагчыма. Якім [...] самога сябе? Такі і свет. Дзівішся, а ён «странный, в цветной закутанный туман».

6 кастрычніка

Такім чынам я зноў саджуся пісаць. Баліць і гарыць галава, баляць грудзі. Дактары кажуць, што ў мяне вельмі сур’ёзна ў лёгкіх, трэба лячыцца. Але, божанька, я так утаміўся, такі цяжкі быў мой шлях, такі пакутны, што я ўтаміўся. Мне скарэй хацелася б смерці. Хутчэй адпачыць. Я ж маю права аб гэтым марыць, як працаўнік, натаміўшыся за дзень мае права павячэраўшы легчы спаць. Мой дзень быў кароткі, цяжкі (нат больш — жахлівы) і шэры. Такія бываюць у Піліпаўку, развідніцца і зноў пачынае сутонець, ні сонца, ні блакітнага неба, ні светлых даляў. Развіднілася і сутонее, а дня й не было. Не можна ж так жыць: заўсёды хворы, заўсёды павышаная тэмпература, безнадзейнасць, бяссілле. Душыць і самотнасць — ні родных, ні блізкіх сяброў і прыяцеляў. Я на ўсім сваім кароткім шляху — адзін. І ў час, калі падымаюся на свае горы, і калі валюся, зніжаюся на сваю зямлю.

Адзін ускіпваю радасцю, адзін халадзею тугой. Я досыць скора і моцна прывязваюся да людзей, але сапраўднага таварыства не ведаю.

...Так, безумоўна, так — памерці радасць, але страшна падумаць, што прыходзіцца (а мо й далей прыдзецца) жыць кульгаючы, хвораму і разбітаму. Так часта прыходзіць здрадная, салодкая думка — прыскорыць канец. Гэта найлепшае выйсце, але... але я дурань і слабы, бязвольны. А мо хапіла б сіл, а пераконанасці ў гэтым няма!

Ну як жа ты праводзіш свае дні?.. Думка падказала — валяй храналогію. І маланкай пратэст: на што храналогія!

— А Вы мяркуеце, што імпрэсія каштоўней?

— Ах, я нічога не знаю!

Заўважаю: каравы мой язык, і — стыль.

...Са мною заўсёды: бяруся за пяро, адлятаюць думкі. Нейкую адчайную лёгкасць (не разбяруся, як Хлестакоў: лёгкасць думак ці лёгкасць ад думак) і нічога не пішацца.

...З доследаў над сабой: зусім не цікавы, аднастайны, нудны, ні яркасці, ні колераў. Апошні да гэтага часу не выяснены. Вялікая цікавасць — о, якая вялікая! — да ўласнай асобы. Пры нецікавасці цікавасць — знак эгаізму (а не каламбур). Таму зусім нецікава заставацца з самім сабой, нудная, дакучная кумпанія.

Але вось — што значыць: быць самым сабой. Не ведаю. Покуль што дайшоў да двух магчымасцяў. Быць самым сабою — значыць быць нейкай закончанай канкрэтнасцю, яснай для сябе. Другое: рух фізічны абавязкова адбівае праяву «Я» духовага і на кожны злом яго — правідлова адбітая рэфлексія.

Так, аканчальна: я не ўмею апавядаць аб сабе. Помню дзіцячыя гады. Я быў старэйшы ад брата, але гэта не шкодзіла яму за якую-небудзь дурніцу добра мяне адчубіць. Калісь мой твар быў, як пасля воспы: ён драпаўся, як кот, і яшчэ меў звычку кусацца, не разбіраючы, што кусае. Помню, раз уцяў зубамі за жывот. І здарылася так, што пабіўшы мяне, бяжыць жаліцца маме ці тату: мне яшчэ і ад іх пападала: «Ты старшы і мусіш прыклад даваць!» «Эх, гараць з Валодзі свечкі»,— казаў бацька. У мяне не знаходзілася слоў і здольнасці давесці, што я найменш вінен. Хоць часта чуў усёй істотой, што я нявінны, што мне ўжо ад брата дасталося, а бацькі хочуць пакараць другі раз. Было балюча да слёз, і я плакаў. Праўдзівей, скавытаў, бо плакаць моцна, як плача большасць дзяцей і кабеты, я не ўмеў. Залезеш у кут (памятую — часцей у спальні на куфар, што стаяў ля печы), слёзы пальюцца, уздрыгваеш плячыма, крыўдна, горка, але стараешся, каб плачу не было чутна. Гэта, відаць, спадчына па маме — і яна ніколі не галасіла, хоць і не лёгкае было жыццё і слёз нямала выліла, але ціхачом усё, далей ад людскога вока. Значыць, мая коснамоўнасць з дзіцячых часоў: такім удаўся.

Наогул я не заўважаю за сабой жадных «талентаў», каб хоць адзін — а ні-ні! Чым пахвалюся: памяць, здольнасці да навукі, мастацтва, вялікая воля, здароўе — нічагусенька няма! Асабліва — адсутнасць слуху. Вельмі цяжка не чуць. Горш за адсутнасць здароўя.

Думаю — імажынізм — паэзія глухіх. Там галоўнае «абраз». Пака што гэта школа мае найбольш зрокавых абразоў. Аб музычных, гукавых не чуў. Вось Тычына — іншае. Ён мне падабаецца. Блок таксама музычны, болей, ён — музыка. Яго загад: «Слухайце музыку... усёй душой, слухайце!» Але аб Блоку лепш маўчаць: такі ён вялікі, такі вялікі, што каля яго чуеш сябе ніякава.

А калі яшчэ гаварыць аб ім — канфуз.

Н. В. Што такое точка? Я не знаю здавальняючага адказу; у іх (адказах) чуецца (баюся смеласці) метафізіка! Да душы...! А «точка» — печ, ад якое скача ўся геаметрыя. А???!

31 ліпеня 1925 г.

Хто кажа, што ноч чорная? Што можа быць хібней гэтага погляду. Зямныя хмары, зморшчыны зямлі — чорныя хмары робяць яе чорнай. Ноч сіняя, як Мудрасць і Адвечнасць. Ноч мудрэй дня. Ноч — глыбіня. Кожная жанчына стае цяжарнаю ноччу. Мы ўсе пачатыя ў начы.

 

 


1923-1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - с. 128-138
Крыніца: скан