epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Экспрэс

«Маладняку» да 3-х угодкаў яго існавання

 

Едуць, едуць паязджане.

Я. Купала

 

Сёламі, доламі, борам, прасторам

Стукаты, грукаты, звон.

Збуджаны, знуджаны, змораны горам,

Зможаны змора і сон.

Скогатам, рогатам рэжа паветра.

Супраць карагі, ламы...

Бурнасцю ветра з панурага нетра

Хто гэта? Хто гэта? — Мы!

Ад спанку, з паўстанку мы рушыма

ранкам,

Выраю высіцца зык.

Рэха, грымоты, разводдзе-заранка,

Наш бліскавіца-цягнік.

Мінуты міма жальба і жалоба,

Жорсткае джала жалю.

Радасць буялая, радасць-аздоба

Зяблую зябіць зямлю.

Верыма, верым вясёлаю верай,

Лёсам даверана нам:

Шлях нам —бясконцы, нямераны мерай,

Тайнасць заказаных брам.

Мкнем напярэсціг, навысціг у далей,

Вечнасці наперарэз...

У далі ўсё далей і далей для далей

Рушыць і крышыць экспрэс.


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан