epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Гімн беларускіх паўстанцаў

Час, беларусы, ужо час: —

Маці-краіна нас кліча.

Устанем дружна, ураз —

Сіл нашых вораг не зліча.

Рушыма ў бой

Усёй грамадой —

За люд працоўны,

За волю і роўнасць!

Грозны надходзіць мамэнт,

Бой пачынаем рашучы:

Скрышым старое ўшчэнт,

К волі змагарна ідучы.

Рушыма ў бой

Усёй грамадой —

За люд працоўны,

За волю і роўнасць!

У песнях бязумерж таім;

Вецер штандарамі вее.

Прысягу складаема ім

Родных не здрадзіць надзеі.

Рушыма ў бой

Усёй грамадой —

За люд працоўны,

За волю і роўнасць!

Бурны нас радуе дзень,

Кліч агалошвае полі,

Сонца вітайце прамень,

Праўды мужыцкай і волі.

Рушыма ў бой

Усёй грамадой —

За люд працоўны,

За волю і роўнасць!

Дужая моц грамада

І перамозе зарука,

Больш нас не церніць бяда,

Годзе напасцяў прынукаў!

Рушыма ў бой

Усёй грамадой —

За люд працоўны,

За волю і роўнасць!

Край абаронім грудзьмі

Ад панавання палацаў.

Вольнай, працоўнай сям’і

Успор красаваціме праца!

Рушыма ў бой

Усёй грамадой —

За люд працоўны,

За волю і роўнасць!


1926?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан