epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Я болей не плачу...". З А. Олеся

З Олеся

 

Я болей не плачу... Я муку сваю

Навек ланцугамі скую.

Народ мой закуты, забраны,

Гараць яго раны...

І душу сваю

Я ранам яго аддаю.

Я больш не спяваю ў змаганні ўначы,

Спяваюць жалезны мячы.

Маланкамі ў цемры лятаюць,

Да болю склікаюць,—

Няхай ў барацьбе

І мой меч пяе аб сабе.

Даволі маўчаці. Нямыя рабы

Паднялі штандар барацьбы;

Народ загукаў мой: «Да бою

За землю, за волю!»

І ў помсце святой

Крычу я: «За волю, на бой!»

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан