epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Калі змрочнасць ахінвае цьмяная..."

Калі змрочнасць ахінвае цьмяная

Ціхавейнаю хусткай утомы

І рука яе ў суцень прыбраная,

Зацірае ўсе рысы і зломы;

І калі цішыня нерухомая

Заплятае на сон свае косы

І на кветках красой невядомаю

Заблішчаць пераліўныя росы,—

Я хачу вам сказаць далікатнае,

Што, як вашы лятункі,— люботна

Уздыхнуць і згадаць невыдатнае,

Што гучыць без тугі, бесклапотна.

Як дзяцінства гады незваротныя,

Тыя гукі, што родзяцца ў цішы;

Як вады плюскатанні пяшчотныя,

Чараванне тых слоў закалыша.

І ушчэнт закаханасці поўныя

І таго, што не выкажаш мовай,

Мы пяройдзем мяжу ў невымоўнае

За рубеж чалавечага слова.

Блізасць гэткая шчэ не запісана,

Хоць для сэрца ад веку радзіма.

Немагчымасцю сэрца ўкалысана,

Немагчымае блізка й магчыма;

Калі росы, як пэрлы срабрыстыя,

На лістках і на травах так густа;

Калі змрочнасці ціхай празрыстае

Легкавейная, кволая хуста;

Калі мяккасцю фарб незвычайнаю

Задрамала лагоднасць над светам;

Калі сувяззю вечара тайнаю

Ноч суточана з днём яснакветым.

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан