epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Каму жыццё — атруты келіх..."

Каму жыццё — атруты келіх.

Хто спанявераны, як я,

Хто ўжо не сніць аб далях, белях

Пад ветру свіст і шум былля;

Каму спакой душы няшчаснай

Нездавальнення точыць крот;

Каму дакучыў жонкі ўласнай

На ўласным ложку пешчаў лёд.

Каму распачна ноч пустую

Спакусным смехам цешыць сук;

Каму ўсё роўна, бы якую

Сціскаць пярсцёнкам млявых рук;

Хто сэрца — поўную амфору —

Нясці стараўся й не данёс;

Хто патаёмных мукаў хвору

Гаіў расою ночных слёз;

Хто душу чорную, як вугаль,

Злачынствам цешыў і крывёй;

Хто п’яніца, разбой, зладзюга

З мізэрнай, дробнаю душой;

Каму распусты жах прынадны,

Хто гора топіць у віне,—

Маім абоймам тыя жадны,

Прыходзяць тыя да мяне.

Я ўсіх вітаю ветла, рада,—

Хто б ён ні быў, хто ён ні ёсць,—

Мае жаночыя прынады

За плату мае ўсякі госць.

Я імітую ім каханне,

Ім не суджонае праз лёс,

Нясмелыя дзяцей спатканні

І палкасці глухі наркоз.

Змушаю верыць мімаволі

І жар ўзбуджаю малады,

Сама няўзрушная ніколі,

Сама халодная заўжды.

Ў душы адзін, адзін лятунак,

Глыбока схованы на дне —

Далёкі, любы мой пястунак —

Той, хто кахаў калісь мяне.

Які не смеў, не смеў ні разу

Свае мне пешчы дараваць,

Якога мела за абразу

Ў дзявочых думках цалаваць.

Цяпер і ён такі ж прапашчы,

Ланцуг жыцця цягае ледзь;

Ніхто, ніхто яго не лашчыць,—

Лёс прысудзіў яму гібець.

Цяпер, як кожны ён, як кожны —

Будынак знішчаны, пусты;

Час папаліў усё, што можна,

З кута прыбраў абраз святы.

Ды сэрца сніць пад шум асенні,

І сну мне не мінуць таго,

Ў маім найбольшым паніжэнні

Сустрэну незнарок яго.

У сэрцы будзе боль і горыч,

І мы, два целы, дзве труны,

Мы рукі сціснем, ляжам поруч.

І аб мінулым будуць сны.

Як вербалозы нікнуць веццем,

Так нізка схіліцца ўспамін

Над нашым страшным ліхалеццем

І над канцом далёкіх днін.

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан