epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Каваль

Горан мехам раздзьмухаю,

Палажу на горан сталь.

Што рабіць, я знаю, знаю —

Недарма куе каваль!

Падзялілі чужаніцы,

У няволі старана.

Не скую у плуг паліцы —

Не прыдасца мне яна.

Закаваны люд мой, волат,

Крыўд нязлічаных цяжар.

Вышай, вышай верны молат,

Нестрыманы ў сэрцы жар...

Хлопцы, хлопцы,— на змаганне!

Гэй, крыўдзіцель, вораг,— прэч!

Нездарма каваў я зрання,

Недарма навостран меч.


1926?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан