epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Крыху ўзрушаны і рады..."

Крыху ўзрушаны і рады,

Спатыкаюся з табой,

І цвітуць твае пагляды

І ўва мне і нада мной...

Ты варожыш, ты чаруеш,

О, чароўная, бы світ,

Абяцала — падаруеш

Губ вясёлы аксаміт.

І вясною веюць пасмы

Хмелю светлага валос;

Уступаем ў светлы пас мы,—

З намі, з намі светлы лёс.

З намі кволасць, з намі казкі,

Летуценняў лёгкі лёт.

Пацалункаў плюскат, ласкі,—

Ўсё ў адзіны карагод.

Толькі мовіць мне нясмела

Ўсё пабожна, што таю,

Толькі ўзняць рукой знямелай

Руку дробную тваю...

Ды халодны і стрыманы,

Не скажу патрэбных слоў,

Адыду ў мае туманы,

Ў неазначнасць белых сноў.

І адтуль, як сказ баляды,

Сутуняючай парой

Будуць згадвацца пагляды,

Дараваныя табой.

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан