epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Ляпей жабрачы лёс..."

Ляпей жабрачы лёс,

У рукі кій, за плечы торба;

Ляпей страха нябёс,

Бясконцы шлях і ліры корба;

Ляпей чужыны золь,

Сцякаць ад чорнай працы потам;

Ляпей, не змогшы боль,

Сканаць самотнаму пад плотам —

Але не лёс раба

З бязволля ўласнага й бяссілля;

Не гэтая жальба,

Не скутыя рабамі крыллі.

Хто волю верна сніць,

Працят лятункам аб вялікім,

Таго не спакусіць

Ні ўладай, ні дабром бязлікім.

І хай прысуд гняце

І нікнуць вербалозы ніца,—

Душы аб пекнаце

Непераможна-думных сніцца.

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан