epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Летунковасць, нерашучасць..."

Летунковасць, нерашучасць,

Мая вясна, твае удаласці

Дзён плывучых немінучасць

Змяняе ў лета пэўнай сталасці.

Сёння я не той, калішні,

З вачыма — ціхімі заранкамі:

Вусны ўжо не тыя вішні,

Як некалі вясны світанкамі.

Юнаку была прынада

Раскідваць звонка

І не лічачы.

Сэрца мудрае ашчадна

Збірае дробкамі вялічачы.

Дзе кахаў нацяк, павеўнасць,

Сугучнай збежнасці магутнасці,

Дзе шукаў адно няпэўнасць,—

Шукаю сёння іншай сутнасці.

І дзе біўся, плакаў моўча,

Дарма вымольваў з малітоўнікам,

Там з мячом іду станоўча

Я — пераможны — заваёўнікам.

Думны з натоўпам на пляцы,

Мой пруткі крок на стромасці,

Час упартай, жніўнай працы,

Вітаю час мае свядомасці.

А калі пяшчот прыданства

Мне блісне у будняў сцюжасці,—

Гэта васілёк юнацтва

На слуцкім пасе кутай мужнасці.

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан