epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Марта

Апратка проста і будзённа,

Сабраны ў косу валасы,

Снуе задума звольна, сонна,

Убор звычайнае красы.

Нібы ў гадзінніку пясковым,

Плыве цурок драбніц-клапот,

Жаданні цюцькаю вартовым

Не адбягуцца ад варот.

Бяздум’е броваў не прывабна,

І на твары спакой цяжкі,

Пастава пруткая нязграбна,

Нязграбны рух яе рукі.

Імя, як ноч, глухое —

Марта

Не зачаруе чулы слух,

Пагляд прыцішаны, упарты

Лятункамі не ўскрыліць дух.

Вось гэткую, Хрысце, ў Бетане

Ты знаў, як я, ў сваю пару

Марыі ўзвышанай каханнем

Затурбаваную сястру.

І ты, калі ад воч Марыі

На Марце супыняў свой зрок,

Ты сілы знаў яе зямныя,

Няўдалы, цяжкі бачыў крок.

І ты пад лёгкаю тканінай

Грудзей заўважваючы спель,

Ты чуў, як кроў стае няўпыннай,

Як захмяляе цела бель.

І дума здрадная самоты

Ўзнікала іскрай між другіх:

Ці гэткім аддаюць пяшчоты?

Ці льга кахаць такіх брыдкіх?..

Прайшлі вякі... Яна ж адвечна

Ўсё тою ж буднасцю цвіце,

І я на думцы недарэчнай

Лаўлю сябе, як ты, Хрысце.

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан