epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Мы любім даўнія паданні..."

Мы любім даўнія паданні,

Быліцы сівых песняроў.

Няхітры іх апавяданні

Аб справах мінуўшых часоў.

Нам даспадобы чэрпаць веду

Гісторыі з пажоўклых кніг;

З рукопісаў пра быт прадзедаў

Даведацца, што сведчыць мніх.

Прыемна нам дзядоў надзеі,

Іх тайны думы адзначаць,

Вялікія ў мінулым дзеі,

Дзе й як змагалась наша раць.

Шануем мы бацькоў імёны:

Навука й прыклад нам яны;

І помнім мы і веча звоны,

І вольнасць роднай стараны;

І нат мамэнты заняпаду —

У далёкім сумныя лісты —

Распазнаваць нас вучаць здраду

І родзяць помсты гнеў святы.

Але нам будуць усё ж мілейшы

Часы, калі з нізін, балот,

З надзеяй ў шчаснасць

дзён святлейшых

Устане ўзбуджаны народ.

Не відна йшчэ у завірусе,

Куды ляжыць ягоны шлях,

Але дух творчы Беларусі

Жыве й змагае долі жах.

І, можа, толькі той збаіцца

Падзей вялікіх нашых дзён,

У кім жыцця не б’е крыніца,

Хто спіць і здолець недуж сон.

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан