epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Над калыскаю

Маё дзіця, маленькі мой...

Якое шчасце — маці ты

Сцяблінкі кволай і слабой

І воч нябеснай яснаты.

Заводзіць, зводзіць пачуццё

І летуценні завялі,

Нялёгка жыць, гняце жыццё,

Гняце і хіліць да зямлі.

Згрызотамі аб чорны хлеб,

І працай чорнай смычуць дні,

І на абліччы смутку крэп

Без глыбіні, без вышыні.

А я усцяж пяю — дармо,

Па-за дзвярыма сэрца — жах!

І ў паўнаце душы такая моц,

Мой сын — і зброя мне і сцяг!

І хай не раз, нібы штылет,

Пратне душу ці злосць, ці ноч,—

Збавенне мне ласкавы свет

Дзіцячых ціхіх, ясных воч!

Надзей няздзейсненых з вякоў,

Усмешлівых маіх часін,

Ўсіх уздыханняў, гордых слоў

Вясёлы, гучны бераг — сын!

1928


1928

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан