epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Напярэдадні

Ружовая стужка на ўсходзе,

Як сцяг пераможнага дня;

І марыць аб светлым прыходзе

Пярэдадня змрок, цішыня.

Халодныя, светлыя росы;

Спакой, нерухомасць і сон;

Траве ўжо здаюцца пракосы

І косаў сярэбраны звон.

У імшарах, балотах, лагчыне

Бялявы, празрысты туман;

А неба — глыбока і сіне,

А неба — бязмежны дыван.

І лес у чаканні бязмоўным

Зялёнай жывою сцяной

Стаіць, маліцвеннасці поўны,

Ўрачыста, як на мшы святой.

Зацвіркала першая птушка,

І ветрык павеяў свяжэй.

Ружова-ядвабная стужка

Палае ярчэй і ярчэй.

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан