epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Народнае

Я ішоў уздоўж доўгае вёскі,

стомлены гарачынёй падарожны;

я даўно мучыўся ад смагі,

было жніво, і людзі працавалі ў полі —

і таму зрадзеў,

калі ў пахкім маленькім агародчыку

ўбачыў дзяўчыну,

якая палівала кветкі перад хатай.

Я папрасіў піць.

Дзяўчына ахоча падала мне

конаўку халоднае празрыстае вады,

а сама лагодна следкавала,

як смагла я піў.

Яна была моцнай, чырванатварай

і не мела нічога нябеснага,

узносячага,

тонкі капоцік прыкрываў

прудкія малыя грудзі

як з абразоў галандскіх майстроў,—

якія абяцалі цёплыя зямныя радасці.

Я падумаў:

як добра пакінуць неазначаныя летуценні

і гэтую кволую закаханасць,

а вось пакахаць

губамі, рукамі, усім целам

вось такую здаровую, цёплую, як гэта.

Забыцца на ўсё містычнае,

а песціць у вясковым агародчыку

перад хатаю з вокнамі на вуліцу

чырвоныя зямныя адцвітаючыя ружы.

Вечарам жа пасля потнае працы

памыць рукі і ўсесціся

у коле сям’і за агульную міску

пахучай вячэры.

Так я думаў, калі піў,

і таму на развітанне

пажадаў ёй здароўя і прыгожага жаніха.

І пайшоў далей,

сумуючы, што мой шлях

цяжкі і самотны

і ніколі не быць мне

простым1.

1 Тэкст зводны, складзены паводле двух чарнавых накідаў, якія захаваліся ў Пражскім архіве паэта.— Заўвага складальніка.


1923?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан