epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Наш лёс, бы кат з рукой забойнай..."

Наш лёс, бы кат з рукой забойнай.

Бязлітасней рука каго?

Ды ўмее вой адзін спакойна,

Без роспачы прыняць яго.

І ўмее вой цвердакаменна

Ўстаяць перад навалай злой

І, ўсё губляючы нязменна,

Данесці абавязак свой.

Губляць жа болей немагчыма

І зносіць болей немага:

Народ, Свабода і Радзіма,—

На ўсё прыйшла адна чарга.

Найдаражэйшае, святое,—

Ўсё, чым натхнялася душа,

Чужою збэшчана рукою,

Сваволяй скута палаша?

Але пад лобам хмурым гэтым,

У гэтай думнай галаве

Імкненне да апошняй мэты

Непераможнае жыве.

Непераможнай волі шалам,

Перамагаючы і лёс,

Звініць душа з былым запалам,

Звініць без сумніву і слёз.

І покі пруткі шчэ цягніцы,

І покі ў жылах точыць кроў,—

Ніхто не ўбачыць голаў ніцай,

Пакорлівых не ўчуе слоў.

І покі сэрца поўна гневам

І гнеў драпежней крумкача,—

Вітаю бой ваяцкім спевам

І звонам вострага мяча.

Калі ж нараз ад меткай раны

Звалюся, сходзячы крывёй,

І вораг, перамогай п’яны,

Накпіць нягожа нада мной,—

Я і тады здалею горда

Стрымаць гадзін апошніх золь,

Мая нянавісць і пагарда

Не ўдасць, не здрадзіць люты боль.

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан