epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Нашы тайны й жаданні..."

Нашы тайны й жаданні, як рэчы, як кветы,

Маюць водар і якасці хварб.

Іх багацці і тонкасць — цудоўныя светы,

Іх калёраў нязлічаны скарб...

І калі ты прыціхнеш, дзяўчынка, няждана

І замысліцца воч ясната,

Хараство летуценняў тваіх незраўнана,

Незраўнаная іх любата.

І здаюцца мне раніцай снежныя горы,

Там нічый непракладзены шлях,

І альпійскай фіялкі ў празрыстым

прасторы

Ледзьве чутны чаруючы пах.

Але ўсенька, сяброўка, усенька гавора:

І румянец, і грудзі, і стан —

Ап’яніць і ўзбунтуе галованьку скора

Гожаў вакхавых млявы туман.

1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан