epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Нібы вялізны чорны птах..."

Нібы вялізны чорны птах,

Заслала хмара зорны шлях;

Ды не пасвежала прырода.

Не пала ў полі прахалода.

Ў паветры мляўка пасля спёкі,

І душна, і трывожна ноч...

Вось хтось магутны ўзняў павекі —

І свет мільгнуў агніста з воч.

Ўрачыста-грозным, гулкім смехам

Загрукатаў пярун ў адказ,

І загукала згодна рэха,

Грымотны зразумеўшы сказ...

І змоўкла ўсё, на час знямела,

Прыціхла ноч і жджэ нясмела...

Ша! хтось застукацеў аб дах,

Нібы ў бяссіллі чорны птах.

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан