epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Не складаць мне болей песняў..."

Не складаць мне болей песняў,

Не будзіць у пушчы рэх,

Перад сонцам на прадвесні

Не рассыплю срэбрам смех.

Стала госця ля парогу

Белым вабіць рукавом:

— Выйдзі, любы, у дарогу,

Новы дам начлег і дом.

Пашкадую дарагога,

Суніму ягоны боль,

Толькі слухацца дазволь.

Ледзь схіліцца мне дазволь.

Што ж, спакойны і гатовы,

Я й адклікнуўся на кліч,

Адчыню дзвярэй засовы

Я без радасці, без мук.

Ў невядомую пуціну

Немаведамы парог

Перайду...

Без клапот і без трывог.

Толькі, госця, няма веры;

Не мані, не абяцай:

Я зямныя бачыў меры

І зямны я ведаў рай.

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан