epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"О, гэта аповесць звычайна й каротка..."

О, гэта аповесць звычайна й каротка

Аб долі жахлівага зместу.

Спавіла, залюляла салодка

І выйшла на места.

Дзіцятка? Хто вінны? —

Ды згадваць дарэмна,

Клясьці — яшчэ марней.

На вуліцы ночнай і дрэмнай

Спынілася, жджэ пад ліхтарняй.

 

Ў свядомасці горкай —

Гарчэйшая згадка,

І вочы блішчаць нехароша:

Выгналі з фабрыкі матку —

Ўбогім кахацца раскоша.

 

Бяздушны муры і сірэнай пагудка,

Дражняць убранні багатых.

Навошта ж спынілася тутка,

Ці не крыўду сваю прынясла ты?

 

Спяшаюцца людзі, у кожнага дзела.

— Чаго ж ты чакаеш, жанчына?

— Змяняць сваё цела

На хлеб для сябе і для сына...

1925


1925

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан