epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Пад гэтым небам...

[...] Пад гэтым небам, так каханым,

Я пастушком — ганяў у бор,

І тут, прыроды сын адданы,

Кунежны стаў яе сябёр.

Яна ж паглядам незраўнаным

Зірнула ў вочы мне ўсупор

І, сэрца ранячы вяскоўца,

Шапнула таямніцы слоўца.

Яно было пра тое, як

Прыгож бязмерна свет дзівосны,

Які жыцця зайздросны смак,

Як босы йдзеш па сцежках росных

І лыне ў грудзі поўна так

Птушыны шчэбет шматгалосны,

Шырокі гоман тонкіх хвой

І неба сінь над галавой.

 

І ўцяміў я (— о, смех і плач! —)

Паўней, чымся калі, й суцэльней,

Што я, малюсенькі таўкач,—

Быцця сусветнага удзельнік

І з’яў сусветных суглядач.

І вось і слодыч і пякельня

Мяне палонілі ўсуцэль

І абвілі, як ліпу хмель.

Былі ў душы і шчасце й млосць,

Бы лёгкі сон упаў на вейкі,

І я пабачыў прыгажосць,

Што па-над спевы салавейкі

Зачаравала маладосць,

І стаў спяваць... Мае жалейкі

Звініць матыў, і кожны тон —

Сусветнай пекнаце уклон.

Мой край!.. Ужо малой дзяцінай

Паўнюткім радасці вядром

Аднэй шчасліваю гадзінай

Напіўся смагла я нагбом

Ад пекнаты яго жанчыннай,

І п’ян адвечным хараством,

І закаханы ў ім без меры —

Там быў пачатак мае веры.

Яна была мне праз гады

Хлапцу і сталаму спамогай,

Хоць і губляў свае сляды

Я у завеях ветру злога,

Але сярод згрызот хады

Я ведаў, меў адну дарогу:

Яна, як промень да святла,

Да краю роднага вяла.

Усцяж свяціла мне нязгасна

Мая праводная звязда,

Таму ні мужнасць і ні яснасць

Не залілі слата й жуда.

Мая бясцэнная уласнасць,

Са мной мой край, яго бяда,

Са мной праз горы і каменне

Высачыня майго натхнення.

І мне здалося неаднойчы,

Што ў тайне радасных часін,

У момант паўніні станоўчай

У маім злонні быў зачын,

І зблытаў я, мой краю-войча,

Хто бацька быў, а хто быў сын,

І, поўны любасці вялікай,

Не ведаў, як яе мне клікаць.

Быў я ў дзівосным сне:

Я пачуваў пад сэрцам ношу,

Чароўны голас да мяне,

Пачуццяў матчыных раскошу,

Трывогу ў сэрцы дзесь на дне,

І быў — пагодлівы, харошы! —

Мой край мне лёсам і жыццём,

Маім распешчаным дзіцём.

Няма за што на лёс мне плакаць,

Знайсці шчаслівейшы мне дзе б?

Бядняк, я быў багат, аднака

Не знаў збытэчных я патрэб,

Зацірка мне была прысмакам

І смачны быў разовы хлеб,

Хоць соляй, а не маслам тлуста

Была прыкрашана мне луста.

Мне хата з нізкаю страхой

Была мілей за ўсе палацы

І над пакоямі пакой.

Я тут вучыўся не паддацца

Галечы з нэндзай і бядой,

І тут пазнаў я радасць працы,

І атрымаў сталёвы гарт

І стаў мужык, мужчына ўпарт

На гонях бацькаўскіх далёкіх

Я ўчуў пад спелы жыта шум

Дзівосных сіл жывыя токі

І спеў, што я ў сабе нашу,

Зямных глыбінь густыя сокі

І з промняў сонечных душу.

І люб мне чалавек бясконца,

Высокі плод зямлі і сонца.

Цяпер жа сілы сталі дрэнь,

Сівая мгла мне засціць вочы,

І кліча ноч на свой пругмень,

І дні жыцця прыйшлі да ночы

І хоць змагарна жыў я дзень,

І хоць яшчэ я светам крочу,—

Тугою чорнай збіты ўшчэнт,

Пішу я гэты тэстамэнт.

З прыродай зліцца я гатоў,

Хай прыме дол худое цела,

Але прашу яе вятроў

Мой запавет, як плод даспелы

Да родных данясці палёў

І любасці, і боль знямелы

Хай рыне там у будні скрух

І жыватворны ўздыме рух.

Усім найдарожшым прысягаю

Сваіх грахоў не утаю,

І любасць гэтую да краю,

І гнеў, і ненавісць сваю,

І што набыў, усё, што маю,

Што долю цешыла маю —

Ўсе скарбы, ўсе свае багацці,

І песні ўсе — крывіцкай хаце.

Даруйце мне, людцы, цяжкія,

А мімавольныя грахі,

Часы бяспутныя, ліхія

Не раз садзілі на штыхі.

Хто плыў ў раз’юшанай стыхіі,

Калі бушуе шквал ліхі,—

Той ведае, як хібы блізкі,

Як залівае човен хісткі.

І хто сягаў выходзіць з дому

За будны круг штодзённых праг,

Каму, няўтомнаму, вядомы

І чорнага прадоння жах,

І верхавіны гораў стромых,

Той, пэўна, скажа: — Цяжкі шлях

Яшчэ не ёсць яго памылка,

Ён нёс і жарсць і дух асілка...

Спявай, зямля, упіся сонцам,

Абмыйся чэрвеньскім дажджом,

Расці, пладзі, красуй бясконца,

Пладоў, зярнят насып каўшом.

Уцехай будзь маёй старонцы,

Дары красой, дары дабром!

Вітай! — Цябе у сіле поўнай

Я аддаю сям'і працоўнай.

У вольнай працы рупных пчол

Яны паллюць шчаслівым потам,

Абсемяняць прастор наўкол,

Канца не будзе іх клапотам,

Садамі высадзяць твой дол,

Як жонку, будуць песціць потым,

І будзеш ім святою ты,

І кожны плод твой — ім святы.

У цудоўнай сіле ўроды й моцы

Прадбачу я твае палі;

Праз забабоны, гніль, суроцы,

Праз звады зла ўсе караблі

Маіх надзей і дум к затоцы

Вялікай прыйшласці плылі,

Дзе будзе смех звінець вясёлы

І радасцю квітнецьмуць сёлы.

Ў імя людства, людскога шчасця

І духу творчага зямлі,—

Пракляцце шэршню ўсякай масці

І панству — ўласніку раллі!

На новы лад мы свет аснасцім,

Перааром без меж палі,

І будзе ўсё дабро агульна

І ўсім у краі маім ўтульна.

Каб ні зладзей і ні тыран,

Ні чалавек ліхі, пракляты

Не скралі волі ды у зман,

Не завялі сляпыя хаты,—

На варце стаўлю гнеў зацяты

Тваіх работнікаў, сялян.

Калі між імі будзе еднасць —

Ліхое згіне ў бясследнасць.

Я пакідаю з дзіўным сумам

Маю дабродзейку зямлю.

Я голад знаў, душыўся глумам,

Ды імі сэрца не кармлю.

Яна ўсяго, як толькі ўздумаць,

Дала, й такой яе люблю:

З бядою, з ліхам, з посным квасам

І з радасцю кароткай часам.

Бывай, надзей сардэчны ўздым!

Бывайце, сны і слодыч веснаў!

І вы, снягі, завеі зім!

На зломе дзвюх эпох злавесным,

У неспрыяльным ветры злым

Сваё жыццё прайшоў я чэсна:

Пясняр, змагар, бядняк праз век,—

Быў перш за ўсё я чалавек.

Бывай, мой ранак срэбраросы!

Бывай, мой дзень клапот, пакут!

Прайшоўшы свет раздзетым, босым,

Пара падумаць і пра кут:

На могілках зацішных Росы

Хачу спачыць ад каламут.

Сачыцьмуць мой спакой найпільней

Муры старой, каханай Вільні.


1932; 1933?

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан