epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Першы крок

 

«Першы Крок» — так названы зборнік беларускіх паэтаў у Латвіі, які выйшаў у гэтым годзе летам у Рызе.

Беларускі рух у Латвіі — малады. Гэтую восень аслаўляла беларускае тамтэйшае грамадзянства толькі пятыя ўгодкі свае арганізаванае нацыянальнае працы. Толькі пяць гадоў — але за гэты час дасягнута значных поспехаў у кірунку сацыяльнага і нацыянальнага ўсведамлення, у кірунку арганізацыйным і на полі асветным і культурным. З’яўленне дваццаці новых і маладых паэтыцкіх сілаў, якія выступаюць у «Першым Кроку» — ужо адзін з вынікаў праробленае нацыянальнае працы. З’явішча прыемнае і пацяшаючае, тым болей што латвійскі куток беларускага Наддзвіння адрэзаны ад жывога беларускага цела, адгароджаны мяжой ад сваіх сацыяльна вызваліўшыхся братоў, будуючых сваю работніцка-сялянскую культуру. У далёка неспрыяючай латвійскай запраўднасці Дваццаць паднялі меч беларускага Слова.

Аб чым жа звініць гэты меч? Якім гартам поўны? — На гэта хай адкажуць самі першакрокаўцы:

 

Каб сонейка светла зямлю асвятляла,

Каб наша зямля нам плады шчодра дала,

Каб згінула фальш, каб узрасла справядлівасць,

Каб злосці не стала, каб усюль была міласць.

А. Баркоўскі

 

Прыведзеныя радкі не лепшыя ў зборніку, але яны выпуклы і выразны для ўсіх паэтаў зборніка; кожны з іх можа ўзяць гэтыя радкі сабе за кліч, можа, як старавекі рыцар, напісаць іх на сваім шчыце. Як бачым, меч іхняе паэзіі грамадскі; ён звініць змаганнем за Сонца нашага веку: — наша (працуючых) зямля — нам яе плады; фальш, сацыяльная крыўда, калі

 

Усе пільнуюць кругом

З мужыка, каб садраць,

А ў замен мужыку

Нічагуські не даць.

В. Ашурак

мусіць быць знішчана, мусіць узрасці справядлівасць. І мусіць быць спынен нацыянальны гвалт — павінны беларускія працоўныя масы «у краі сваім кіравацца самі».

І дзіўнае ж гэта Сонца веку — сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне! Запаліць яно масы і ў апошніх зрастае магутны творчы пафас, з’яўляюцца непераможныя сілы, воля і гарт. Мы сведкі, як пралетарыят у цёмнай і жабрачай б. Расіі, як паняволеныя народы гэтай Расіі, захопленыя Сонцам веку, давялі, што яны дараслі да новых формаў грамадскага ладу і сужыцця, што адзіна новы лад і змаганне за яго ёсць поступам і непераможнай сілай. [...]

Не будзем запыняцца на справе фармальных вартасцей і недахопаў зборніка. Дэб’ютантам даруецца шмат чаго такога, што б вытыкнулася не маладому паэту. Зачэпім толькі коратка лексічны матэрыял «П. К.».

Для грамадскага працаўніка, для партыйца мова народу — гэта сродак, каб паднясці і ўплынуць на розум мас, каб быць ім зразумелым. Хараство стылю, чыстата лексікі патрэбна, але не так важна, бо галоўным і асноўным з’яўляюцца ідэі, каштоўнасць, актуальнасць і блізкасць масам самых думак. Не так стаіць справа ў паэзіі, дзе выступае эстэтыцкі момант, дзе мэта — прамовіць да пачуццяў. Хараство мовы ў паэзіі ў агульным плане набірае вялікай вагі, і ў першую галаву чыстата яе мусіць быць без заганы і дакору. Але чым кіравацца ў пытанні, што да чыстаты мовы? Адказ для нас просты. Насамперад, мы рашуча павінны адкінуць тэндэнцыі розных няздарыц — Шышковых, стопрацэнтовых патрыётаў, якія пнуцца «ачышчаць» і «выпраўляць», «каб не было ў нашай мове такіх слоў, якія ўжываюцца ў расейцаў і палякаў». Выдумляюцца розныя «собскія» маластраўныя дурніцы і выкрутасы, якія нібыта адпавядаюць «законам мовы». Браць сур’ёзна недарэчныя намаганні артыкульнейшых паноў выправіцеляў не варта. Тым болей карыстацца іх жаргонам, які выдаецца за запраўдную «беларускую мову». Водгук іх дзівосаў далей гумарыстычных часопісаў не павінен заходзіць. Згадваем тут аб гэтым брыдкім і нездаровым ухіле толькі таму, каб станоўча адмежавацца ад яго і ўстанавіць свой пункт гледжання.

Для нас ясна, што заданнем кожнага працаўніка слова ёсць набліжаць сваю мову, як па духу, які так чужы ўсім гэтым выправіцелям — «знаўцам законаў мовы», так і лексічна, да мовы беларускіх масаў. Мэтай літаратара — зрабіць сваю мову такою ж ёмкаю, сакавітаю і прыгожаю, якою яна захоўваецца ў народнай творчасці. Не аб перайманні народнай творчасці кажу (хоць і гэта ўмелай руцэ не шкодзіць), але аб скарыстанні таго слоўнікавага багацця, што захоўваецца ў беларускіх песнях, прыказках і казках, у байках і загаворах і ў жывой сённяшняй мове сялянства. Гэта асноўны і адзіны скарб, і будзем з яго чэрпаць поўнай жменяй — вось наша тэндэнцыя. Усе іншыя тэндэнцыі, чым бы яны не кіраваліся, ці то «збліжэннем», ці то «разбліжэннем» моваў, для нас усе яны «ад злога». На гэтым месцы само па сабе паўстае пытанне, як жа быць з паветалізмамі, з тымі словамі, пашырэнне якіх абмежавана пэўнымі часткамі Беларусі, часта нязначнымі. Як быць з імі — ці заставіць толькі ў этнаграфічных зборніках, ці даць правы грамадзянства ў літаратуры? Пытанне гэта чыста літаратурнае, але на яго трэ адказаць. Адказ мусіць быць толькі дадатнім, г. зн. літаратура мусіць скарыстаць з паветалізмаў. Пісьменнік мае права, і ў пэўнай меры абавязак, ужываць паветалізмы. Літаратурная мова сама ў далейшым сваім развіцці ці адкіне іх, ці зробіць іх агульна распаўсюджанымі. Няма сэнсу баяцца, што ўжываннем праз меру паветалізмаў можна расшчапіць, разбіць суцэльную беларускую мову. На ўсім этнаграфічным прасторы беларуская мова мае гэтулькі агульных рысаў і адзнак, што паветалізмы будуць служыць толькі збагачэнню мовы. Яшчэ дагэтуль не ўсе разумеюць тое. У апавяданнях М. Гарэцкага адна з каштоўных дадатных старонак ёсць іх мясцовы слоўнікавы каларыт. А згадваю, распавядаў аўтар «Руні», як старанна вымазваў адзін з выдаўцаў гэтага зборніка, цяпер слуп «крыўскае прапаганды» і выпраўленняў, усе словы, якія былі не зусім звычайнымі для вуха дзісненца. Ужо цяпер маем цэлы рад слоў сутна-паветальных па свайму паходжанню, але стаўшых літаратурнымі і зараз шырока пашыранымі, як (першае, што прыйшло на думку): рэха, хараство, летуценні, нішчымна і шмат, шмат іншых. Паветалізмы не толькі не шкодныя — карысныя для развіцця мовы. [...]

З усяго вышэйабгаворанага ясна вынікае, што мы мусім паставіцца і супраць розных «да» (па-беларуску — так, але), якія не так рэдка сустракаюцца ў «П. К.». Такія словы, як дзёшава (10 бач), тараплівы (25), длінны (25), дзьвер (26), юны, посах (54), высь (56), зыбь (62), каратаць (64), ласкуток (68), кальцо (69) і шмат іншых безумоўна не беларускага паходжання. Трапілі яны ў верш не з беларускіх гушчаў, а з ужытку інтэлігенцыі, настаўніцтва, якое прайшло расейскую школу. Трэба пільней працаваць і дакладней знаёміцца з нашымі класікамі, прыслухоўвацца да жывое мовы, каб унікнуць непрыемных недаглядаў. Праца над моўным матэрыялам у сёняшнім стане развіцця беларускай мовы застаецца адным з важных момантаў у творчасці кожнага літаратара, моладзі асабліва.

Канчаючы, не магу ўстрымацца, каб не выказаць свае надзеі. Беларуская культура, якая так магутна развіваецца на Усходзе і так цяжка змагаецца пад Польшчай, прыдбавае ў асобе латвійскіх песняроў новыя сілы. Куток беларускага Наддзвіння, апыніўшыся пад Латвіяй, не згублены для беларускай культуры. Латвійскія ўмовы ў найменшай меры не спрыяюць творчай працы, але першы крок зроблены, ён будзе не апошнім. [...]


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан