epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Песня кахання. З І. Волькера

З Волькера

 

Кажаш, што толькі ў тваіх вачах —

цэлы свет,

Што для мяне няма нічога па-за імі.

Хмурынкі плывуць вачыма тваімі,

Белыя яблыні цвітуць,

Птушкі лётаюць, пяюць.

Я веру —

І не веру.

З вялікім болем вочы твае ламаю на часці,

Каб ізноў абвіў мяне ланцуг вясёлкі.

Скажы мне, маё каханне,

Калі ўвесь свет

У вачах тваіх змясціўся,

Чаму дапусціла толькі,

Каб рабочы раніцай сёння ўпаў з рыштавання

І на маіх вачах

Забіўся.

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан