epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Прыкляты

Нявесты вусны шчыльна сцяты.

Не пасміхнецца жаніху.

Але не лічыць сэрца страты

І верыць даўняму шляху.

Апошні тэрмін ўжо на сходзе,

І час здзяйснення настае,

Гадзіна вешчая надходзе,

І вось для верных знак яе.

Праз ноч жаніх мячом пазвоне —

Хвалёна будзь святое Ймя! —

І ўчуўшы тупат ад пагоні

Здалёк за рэчкамі дзвюма.

А ўсход ружова-светлы будзе,

Скудлачыць вецер пасмы хмар,

Калі пры звонаў перагудзе

Нявесты праяснее твар.

1926


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан