epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Прытулі, сястра, слабога..."

Давно завидная мечтается мне доля...

А. Пушкін

 

Прытулі, сястра, слабога,

Прыгалуб, каханка, смерць.

З гэткай шчырасцю нікога

Не прасіці мне, не смець,—

Прытулі мяне слабога.

 

Усё кахаў на гэтым свеце

І адбіў паэт ў сабе.

Пад далёкія павеці

Закаханы йду к табе —

Ўсё кахаў на гэтым свеце.

 

Песні ўсе мае дапеты.

Да цябе апошні верш:

Абдары мяне прыветам,

Пашкадуй, як маці, перш...

Песні ўсе мае дапеты.

Ў ціхі, змрочны час змяркання

Заручы душу з сабой.

З тайнай радасцю спаткання

Жджэ нязрадны, верны твой

Ў ціхі, змрочны час змяркання.

 

Ад цяжкіх нягод зямелькі,

Ад дакучных, крыўдных слоў,

З ласкі смерці збавіцелькі

Я прыйду ў палацы сноў —

Ад цяжкіх нягод зямелькі.

 

Будзе добра, лёгка, ціха,

Супакойна, люба мне.

Не стрывожыць цішы ліха,

Гора сэрца не пратне.

Будзе добра, лёгка, ціха...

1924


1924

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан