epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Сваё жыццё паклаў на шалі..."

Сваё жыццё паклаў на шалі,

А будучыня — цёмны лес.

Згадаўся думцы кволы Шэлі,

Ягоны светласпеўны лёс...

Іду няроўным, хібкім крокам,

За мной пануры іншых рад,

І боль на сэрцы крука крыкам,

І хварбіць горкім смехам рот.

Пажарам спаленыя далі,

І над мінулым чадны дым...

Хто ж верыць шчэ кахання долі?

Хто ж захаваў з нас яснасць дум?

Яго ж праз век нязменны белі,

Ён для народаў ясны сон.

І я ім палагоджваў болі,

Я — год жахліва шалых сын...

Дзіцяча-мудры, кволы Шэлі,

Дажджом блакіту сэрца злі,

Майго жыцця гайдае шалі,

Рагочучы і мсціва злы.

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан