epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Толькі той, чый вольны дух..."

Толькі той, чый вольны дух

Застаецца ў бойках квол,

Толькі той, хто творыць рух

Беларускіх мест і сёл,

Толькі той, хто вера ў цуд —

Лепшу долю курных хат,

Толькі той, хто любіць люд,

Толькі той — мой любы брат.

Брат — бо думкі ў нас адны

І адзін злучае лёс,

Бо для роднай стараны

Долі хочама без слёз.

Мы мацнеем што ні раз,

Чуюць моц чужы і свой.

Жджэм: надыдзе грозны час —

Будзе радасць, будзе бой.

Пагалоска здзівіць свет,

Заварожыць песняў тахт —

Бо значон дзядоўскі след,

І вядзе у далі шлях.

А мо спыніць які кат?

Мо спужаемся чагосць?

Калі трэба, ўмерці нат

Нам не страх, а шчасце ёсць.

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан