epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Віхор

Гасцём і мараю трывожнаю

Зляцеў да нас з-пад самых зор,

Краінай любаю разложнаю

Імкне, гудзе, шуміць віхор.

І не, не злы, але бушуючы,

У шалёным імпаце ўвесь ён,

Ваду азёр і рэк хвалюючы,

Пусціў па пушчах песню-звон.

Грыміць, гудзе ўсё недарэчнае,

Штораз віхор гучней, прудчэй.

Услухайся, паймі адвечнае —

І гімны вырвуцца з грудзей.

Пара, пара дазнацца, зверыцца

Сваіх магутных сонных сіл!

Адважны, хто спыніць намерыцца

Размах жыцця і творчы пыл?..

Дзе йдзем! І дзе капцы канцовыя?

Дзе ходу нашаму мяжа?..

Ў адказ віхор пяе ўсё новае,

І лязіво блішчыць нажа!

1921


1921

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан