epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

Вецер

Вецер ўварваўся праз весніцы,

Пыл на дварэ крутануў,

«Вер, што жаданнае здзейсніцца»,

Ласцячы вуха шапнуў.

Шпаркі і смелы ў захопленні,

Лёгка праскочыў праз плот,

Штось зашумеў між каноплямі,

Борзда мінуў агарод.

Там жа, дзе жыта з пшаніцаю

Спеляць свае каласы,

Блытаў, віхрыўся дурніцаю

І перабег на аўсы.

Лесу пабачыўшы цёмнага

Хмура-задумны аблік,

Быццам спужаўся таёмнага,

Сцішыўся, зменшыўся, знік...

1922


1922

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан