epub
 
падключыць
слоўнікі

Уладзімір Жылка

"Векавечны хмуры бор..."

Векавечны хмуры бор

Горда ўзносіцца высокі,

Моцна пахне хвояў смоль

Ад пякучай ліпня спёкі.

Сонцам спалены чабор,

І густыя смягнуць травы,

Гарачынню з блізкіх поль

Тхне ў паветры нерухавым.

Ў небе яснасць і прастор,

Даль празрыста і бясхмарна;

Мляўкасць, парнасць і бязволь,

Думкі вялыя ад жару...

Ах, знайсці б між дрэў ля гор

Ручаінкі бег самотны,

Супыніць бы смагі боль

І спачыць на ймху вільготным.

1923


1923

Тэкст падаецца паводле выдання: Жылка Ул. Пожні: Вершы, пераклады, крытычныя артыкулы / [Уклад., прадм. Ул. Калесніка]. - Мн.: Маст. літ., 1986. - 150 с.
Крыніца: скан